Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

ГОНАР МІНШЧЫНЫ: Максім Танк і Вілейшчына ў жыцці і творчасці

У студзені 2018 года будзе адзначацца 80-годдзе Мінскай вобласці

Гончар Міншчыны складаюць шмат выбітных людзей, што нарадзіліся і лёсам звязаныя з Вілейшчынай. Сярод такіх людзей пачэснае месца займае і МАКСІМ ТАНК (Яўген Іванавіч СКУРКО) – народны паэт Беларусі, акадэмік, Герой Сацыялістычнай Працы, грамадскі дзеяч, які нарадзіўся 17 верасня 1912 года ў в. Пількаўшчына Вілейскага павета Віленскай губерні (цяпер Мядзельскі раён).
Пра яго можна шмат распавядаць, бо гэта была і сапраўды шматгранная асоба, але я спынюся на тых момантах жыцця і творчасці Максіма Танка, якія звязаны з нашай Вілейшчынай.
…У 1926 годзе Яўген Скурко заканчвае пачатковую школу. Ён хоча вучыцца далей. Асабліва клапацілася пра гэта маці, прасіла дзеда, каб пусціў хлопца ў Вілейку, дзе былі дзве гімназіі – польская і руская. «Чаму я паступіў не ў польскую, – тлумачыць М. Танк, – а ў рускую сярэднюю школу, былі наступныя прычыны: у польскую я спазніўся прыехаць здаваць экзамены, ды ў рускую гімназію мне лягчэй было паступіць».
Гімназія належыла таварыству прыватнай сярэдняй школы горада Вілейкі і размяшчалася ў будынку былой прыватнай жаночай прагімназіі ( начальнікам якой да 1917 года была Мажухіна Аглаіда Венядзіктаўна, настаўніца рускай мовы і літаратуры ). Яна прывіла будучаму паэту любоў да літаратуры і заахвоціла да творчасці. Гімназія знаходзілася на вуглу вуліц імя Дуб-Бернацкага ( 1 Мая ) і 11 лістапада ( 17 верасня ), цяпер на гэтым месцы будынак «Белаграпрамбанка».
Кватараваў Жэня Скурко ў прыватным доме сям’і Бутар на вуліцы Чыгуначнай (Шубіна), недалёка ад вакзала.
З розных куткоў Заходняй Беларусі з’ехаліся ў Вілейскую гімназію юнакі і дзяўчаты, каб набыць веды, з многімі будучы паэт, хутка пасябраваў. З’яднала іх агульная схільнасць да кнігі, удзел у Таварыстве беларускай школы. Гурток ТБШ аказваў на іх пэўны ўплыў, абуджаў цікавасць да беларускай гісторыі і культуры. Кіраваў гуртком і мясцовым тэатрам – Аляксандр Каляда, прафесійны артыст, чалавек,адданы культурна-асветніцкай справе. Па суботах гурткоўцы ставілі беларускія п’есы, наладжвалі вечары беларускай паэзіі і канцэрты беларускай народнай песні.
Падчас навучання ў гімназіі Яўген Скурко робіць першыя літаратурныя спробы: пераказвае вершам легенду пра Шкленікоўскае возера, што чуў ад свайго дзеда, складае некалькі пейзажных вершаў.
Аднак закончыць Вілейскую гімназію юнаку не давялося: восенню 1928 года польскія ўлады закрылі яе. І ён, як многія іншыя вучні, пераводзіцца ў пяты клас Радашковіцкай беларускай гімназіі. За ўдзел у школьнай забастоўцы пратэсту супраць ліквідацыі беларускіх школ Яўген быў выключаны з гімназіі. Такі ж лес напаткаў яго і ў Вільні, дзе ён актыўна ўключыўся ў рэвалюцыйную барацьбу і грамадскую работу.
У 1932 годзе каля в. Пагост цераз раку Вілія Я. Скурко пераходзіць граніцу ў БССР, дзе пасля адпаведнай праверкі атрымлівае заданне вяртацца назад у Вільню і працаваць інструктарам ЦК камсамола Заходняй Беларусі, у легальным і падпольным друку.
Жыць у Вільні стала вельмі цяжка, і М. Танк вяртаецца ў родную Пількаўшчыну, дзе і застаў яго верасень 1939 года. «…Быў я дома, у Пількаўшчыне. Помню, раніцай прыбеглі хлопцы з суседняй вёскі Слабада з радаснай весткай, якую пачулі па радыё, што Чырвоная Армія перайшла граніцу. Цэлай грамадой мы пайшлі на Мядзельскі гасцінец, які ўжо грымеў ад чырвоназорных танкаў, гармат, машын».
З незабыўных вераснёўскіх дзён пачынаецца новы перыяд жыцця і творчасці Максіма Танка. У кастрычніку 1939 года ён зноў вяртаецца ў Вілейку «… Праз шмат год зноў апынуўся ў старой і знаёмай мне Вілейцы. Зараз цяжка пазнаць гэты былы захалусны павятовы гарадок, слаўны сваім высачэзным касцёлам і пабудаванай яшчэ пры цары турмой. Калі глядзіш на гэты горад з боку лугу, яго разнаколерныя аднапавярховыя домікі, платы здаюцца бялізнай, развешанай на даўжэзнай вяроўцы , нацягнутай над перапоўненым зеленаватай вадой карытам Віллі.
Са станцыі я пайшоў да свайго гаспадара Бутара, у якога калісьці кватараваў і з сынамі якога – Мікалаем і Васілем – разам вучыўся ў гімназіі. Думаў, што, можа, на нейкі час мне ўдасца спыніцца ў яго. Але невялічкая хата Бутара была так перапоўнена кватарантамі, што не было куды і носа ўтачыць. А ў самога старога бяда: памерла жонка і сыны яшчэ не вярнуліся з вайны. Апошнія лісты ад іх былі з Варшавы. Развітаўшыся з гаспадаром, я пайшоў шукаць абласны аддзел народнай асветы і рэдакцыю. Яшчэ ніхто з сустрэтых віляйчан не ведаў, дзе яны знаходзяцца. Я толькі здагадваўся, што такія ўстановы павінны быць недзе ў цэнтры горада.
Ішоў я старымі, знаёмымі вуліцамі, якія амаль зусім не змяніліся, асталіся такімі ж, якімі былі 15-10 год таму назад. Толькі дзе-нідзе над былымі крамамі віселі новыя шыльды: «Абутковы магазін», «Хлеб», «Кнігі і школьныя прылады»…так пісаў у сваім дзённіку Максім Танк 25 кастрычніка 1939 года. Фрагменты дзённікаў паэта, якія ён пісаў да 1939 года і якія, як кажуць, цудам уцалелі, амаль праз трыццаць год былі выдадзены асобнай кнігай «Лісткі каляндара» – першая празаічная кніга вядомага беларускага паэта.
Гартаю старонкі кнігі і з якім вялікім задавальненнем чытаю тыя запісы, якія датычацца Вілейкі, і як бы разам з паэтам у думках пераношуся ў мінулае свайго горада, уяўляю тыя месцы, дзе бываў паэт, людзей з якімі працаваў, сустракаўся, сябраваў…
28 кастрычніка 1939 г. «Заўтра ў Беластоку адкрываецца Народны сход. Шкада, што я заняты пераездамі – з Вільні ў Пількаўшчыну, з Пількаўшчыны ў Вілейку, – не змог паехаць нейкім карэспандэнтам ці звычайным гледачом у Беласток. Тое, што там адбываецца, мне як паэту Заходняй Беларусі трэба было пабачыць на свае вочы і чуць сваімі вушамі. Перажытае самім не заменяць ніякія самыя дакладныя справаздачы, карэспандэнцыі, рэаляцыі, апавяданні іншых.
У абласным аддзеле народнай асветы мне прапануюць працу ў сектары нацыянальных школ, паколькі я знаю польскую мову. Тут працуе шмат вілейчан на пасадах розных інспектараў, інструктараў, метадыстаў. Агулам, куды б ні пайшоў – усюды прапануюць працу, працу і працу…»
У дзённіках часта ўпамінаецца Лю – Любоў Андрэеўна Асаевіч, жонка Максіма Танка, з якой пазнаёміўся яшчэ ў віленскай беларускай гімназіі, а пажаніліся ў Вілейцы ў лістападзе 1939 года. Разам працавалі ў рэдакцыі абласной газеты «Вілейская праўда», з 17 лютага 1940 года перайменавана ў «Сялянскую газету». Рэдакцыя размяшчалася ў будынку па вуліцы Георгіеўскай, д. 7, зараз на гэтым месцы Палац культуры.
30 кастрычніка 1939 г. «Працую з Лю ў рэдакцыі нашай абласной газеты. Я – літработнікам, яна машыністкай. Работы ў мяне не так многа, але, відаць, прыйдзецца цэлымі днямі сядзець у рэдакцыі, выпраўляць матэрыялы, розныя карэспандэнцыі, адказваць на лісты. Асабліва ў наш аддзел культуры паступае шмат вершаў. Прыходзіла ў рэдакцыю Ганна Новік, з якой я ўпершыню пазнаёміўся асабіста, хоць перапісваўся з ёю даўно. Яна – дужа цікавы чалавек. Працуе ў сельсавеце. Цэлымі днямі занята сваёй працай. Прызналася, што за вершы няма калі брацца. А шкада. Я яе паслаў бы на вучобу. Зараз ёсць каму агітаваць за савецкую ўладу, хоць Г. Новік здаецца, што без яе ў Куранцы гэта ўлада не зможа па-сапраўднаму ўмацавацца і перамагчы. Усё ж, развітваючыся, дастала са свайго партфеля два свае вершы. «Рабіце што хочаце», – сказала і паехала…»
3 лістапада 1939 г. » Сесія Вярхоўнага Савета прыняла закон аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад СССР і ўз’яднанні яе з БССР. Гэтай векапомнай падзеі ўжо нікому і ніколі не выкрасліць з нашай гісторыі…”
19 лістапада 1939 г. » Выступаў на вечары інтэлегенцыі. Аўдыторыя – досыць цяжкая. Сярод прысутных шмат было чыгуначнікаў і польскіх настаўнікаў, якія працавалі пры санацыйным польскім урадзе і атрымлівалі значна большую зарплату, як зараз…
Цікава, хто з маіх былых настаўнікаў жыве зараз у Вілейцы? Мне вельмі хацелася б пабачыць выкладчыцу рускай мовы і літаратуры А. Мажухіну, лацініста К. Мірановіча, выкладчыка польскай мовы Крашэўскага і іншых. Ды яшчэ, як ні дзіўна, не сустрэў нікога і са сваіх аднакласнікаў па гімназіі. Трэба будзе пашукаць Люсю Валынец, Міколу Гаўрыліка, а яны памогуць знайсці і другіх віляйчан.»
27 лістапада 1939 г. » Як хутка Вілейка мяняе сваё аблічча! Быццам нехта разбудзіў гэты горад, і ён ажыў, пачаў раптам будавацца, як не будаваўся за ўсю сваю гісторыю. Кожны дзень перавозяць сюды апусцелыя асадніцкія ды панскія асабнякі. Трэба было б некаму запісваць і ўчарашні, і сённяшні дзень Вілейкі, найбольш слаўныя даты, імёны былых падпольшчыкаў – рэвалюцыянераў. А то агледзімся мы, ды будзе позна, калі ўсё пакрыецца пылам забыцця. У кожным горадзе, пасёлку трэба, каб быў свой летапісец, каб нічога, вартага ўвагі, не загінула. Бо ніводная газетная хроніка не можа ахапіць усяго, ды часта яе аб’ектыў бывае пастаўлены толькі на парадную старану жыцця…»
У 1940 годзе Максім Танк пераязджае ў Беласток, дзе цалкам аддаецца літаратурнай працы. Тут яго і застала Вялікая Айчынная вайна. Паэт эвакуіруецца ў Саратаўскую вобласць, дзе запісваецца ў апалчэнне, каб пайсці на фронт.
Пасля вайны жыве ў Мінску, працуе галоўным рэдактарам часопіса «Полымя», старшынёй праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, сакратаром Саюза пісьменнікаў СССР, старшынёй Вярхоўнага Савета БССР.
Але ніколі Максім Танк не губляў сувязі з Вілейшчынай. Часта наведваў і даглядаў магілу малодшай сястры Веры, якая трагічна загінула падчас фашысцкай акупацыі і пахавана на Касцяневіцкіх могілках. Заўсёды з цеплынёй і ўдзячнасцю адгукаўся аб Вілейскім краі і яго людзях, якіх па праву лічыў сваімі землякамі.
Памёр Максім Танк 7 жніўня 1995 года і пахаваны паводле свайго запавету побач з бацькам.
А словы складаць у песні,
Легенды, балады, сказы
Я ўзяўся таму, што гэта
Закінутай праца была.
І перад радзімай хацеў я
Выканаць свой абавязак,
Каб слава майго народа
Заўсёды і ў песні жыла…
М.Танк. “Пра сябе”

Вольга КОЛАСАВА,  старшы навуковы супрацоўнік
Вілейскага краязнаўчага музея

Сярод членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі – Максім Танк і Ганна Новік. Фота з фондаў краязнаўчага музея

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 143 queries