3 лістапада, падчас восеньскіх школьных канікул, для выхаванцаў школьнага аздараўленчага лагера ДУА «Вілейская гімназія № 1» «Логас» у аддзеле абслугоўвання і інфармацыі раённай цэнтральнай бібліятэкі адбылася этнагульня «Сядзіба, альбо Хата з матчынай душою», якая дазволіла вучням малодшых класаў не проста паглядзець на экспанаты, а непасрэдна дакрануцца да жывой гісторыі.

Галоўная асаблівасць гульні ў тым, што тут было забаронена сумаваць. Дзеці сталі не проста гледачамі, а сапраўднымі гаспадарамі ў беларускай хаце.
Удзельнікі спрабавалі ставіць чыгун у печ ухватам, мясілі цеста ў дзяжы і выбіралі правільныя складнікі для жытняга хлеба і святочнага каравая. Пасля гэтага ўсе разам адпраўлялі каравай у печ, чысцілі бульбу і дэгуставалі дранікі. Не меншую цікавасць выклікала знаёмства з жалезным прасам на вуглях і драўляным рубелем — першым прыстасаваннем для гладжання тканіны. Дзеці паспрабавалі яго ў дзеянні.

Акрамя працы, знайшлося месца і для гульні. Дзеці прымерылі рэчы з куфара, разгадалі ўзоры арнаменту праз дадаткі ў мабільных тэлефонах, «падаілі» карову Рагулю і адгадалі народныя загадкі. Асаблівымі момантамі сталі вясёлая гульня «Паясок» з элементамі беларускага танца і вэб-віктарына «Падарожжа ў родную мову», дзе ўдзельнікі называлі прадметы на беларускай мове.

Мерапрыемства прайшло весела і пазнавальна, пакінуўшы ў дзяцей не толькі яркія ўспаміны, але і цёплае пачуццё да роднай культуры.
Вікторыя БОХАН, загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі раённай цэнтральнай бібліятэкі/ Фота аўтара







