Так звычайна кажуць пра нешта звыклае ў нашым жыцці. Ну адбылося і адбылося. А вось жа не забываецца…
Віляйчанка Марыя Дуброўская – чалавек заняты, без справы не сядзіць. Але ж час забегчы ў рэдакцыю знайшла. Вельмі ж хочацца жанчыне сказаць словы падзякі, а вось каму канкрэтна – не ведае.
А адбылося вось што. На днях Марыя спяшалася на рынак за пакупкамі, таму перш-наперш пайшла да банкамата, каб зняць грошы. Узяла належную суму і пайшла, забыўшыся забраць пластыкавую картку. Агледзелася толькі на другі дзень і адразу ж звярнулася ў банк. Там Марыі расказалі, што яе картку знайшла і перадала ў банк незнаёмая жанчына.
– Вось ёй і хачу падзякаваць, – завяршыла расказ Марыя. – Усялякія ж людзі ёсць, іншы мог бы выкінуць картку, а яна паступіла сумленна. Спадзяюся, што прачытае гэты матэрыял у газеце.
Пенсіянерка Людміла Ігнацьеўна, якая на днях патэлефанавала ў рэдакцыю, расказала пра такі выпадак. Нядаўна яна ехала з рынка. Выйшла на прыпынку гарадскога аўтобуса і пачала прыладжваць свае пакупкі так, каб зручна было несці. І так паспрабавала і інакш – не атрымліваецца.
– Такія ж мы, жанчыны, па натуры – трэба адразу і ўсё, – разважае Людміла Ігнацьеўна. – Можна было б і некалькі разоў з’ездзіць на той рынак, часу ж хапае, але дзе там. Вось так стаю, сартую свае «торбы», узялася званіць дачцэ, а тая занятая. Карацей, трэба неяк дабірацца самой. А тут падбягае хлапчук з ранцам: «Давайце дапамагу». Узяў адзін з пакетаў і пайшоў побач са мной. Сябрукі яго пабеглі, а ён – не. Так і давёў мяне да дома, яшчэ і да кватэры хацеў паднесці,ды сусед ля пад’езда дапамог. Сказаў толькі, юны памочнік, што вучыцца ў чацвёртым класе і завуць Рома. Такі цудоўны хлопчык…
Той-сёй з чытачоў, прачытаўшы гэта, можа сказаць, што, маўляў, усё гэта – чалавечыя адносіны, такімі яны і павінны быць. А нехта і ўвогуле махне рукой: «Дробязі». Магчыма, яно і так. Але ж прыемна…
Ірына БУДЗЬКО
Узяў адзін з пакетаў і пайшоў побач са мной
Visited 2 times, 1 visit(s) today
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ








