– Ці выкапаў бульбу? Як ураджай? – з гэтых пытанняў сёння вельмі часта пачынаюцца размовы людзей. Бульба для нас, беларусаў, – тэма асаблівая, спрадвечная. Недарэмна называюць нас бульбашамі, і нічога абразлівага ў гэтым не бачу. Так, менавіта гэта гародніна – самая, бадай, галоўная ў рацыёне беларуса, не ўяўляецца без яе існаванне. Так было і так, напэўна, будзе заўсёды.
Пляцоўка, адкуль штораніцы гараджане адпраўляюцца на бульбу, ажыла – і гэта адна з прыкмет восені. Беспрацоўныя, пенсіянеры і тыя, хто мае вольны час, едуць у гаспадаркі раёна, каб дапамагчы ўбраць вырашчанае і нарыхтаваць гародніны сабе на зіму. Жанчыны і мужчыны, маладыя і пажылыя – яны на гэты перыяд сталі жыць справамі вяскоўцаў. Прыслухаешся да размоў – абавязкова пачуеш і пра ўраджайнасць, і пра адвозку, і пра лепшыя гатункі.
У гэтым мнагалюддзі бачу многа знаёмых твараў. З некаторымі проста вітаемся, іншыя, усміхаючыся, запрашаюць: «Паедзем з намі!» Застаецца толькі развесці рукамі, маўляў, праца…
Тут сустракаю і жанчыну, пра якую ў свой час пісала матэрыял. Зусім нядаўна яна стала пенсіянеркай. Прывітаўшыся, яна на хвілінку прыпынілася і, нібыта апраўдваючыся, сказала:
– Вось бачыце – і я на бульбу, у заработкі. Ніколі б не падумала…
І пайшла. Мяне ж сказанае ёю, шчыра прызнацца, здзівіла. Чаму такі тон? Што дрэннага ў такой патрэбнай усім справе? Асабіста я заўсёды лічыла і лічу ганаровай любую працу. Пры любой магчымасці рада б з’ездзіць на тую ж бульбу. Нялёгка? Канешне. Ды хіба прывыкаць нам, хто нарадзіўся і рос у вёсцы, да цяжкасцяў? Заўсёды ўзгадваюцца тыя паездкі рэдакцыйнага калектыву на бульбу: як працавалі побач з вясковымі жанчынамі; як тыя спачатку глядзелі з недаверам, маўляў, гэта вам не з ручкай сядзець; як, прыгледзеўшыся, прынялі нас, ацанілі… І лічбы тыя – колькі набралі, колькі зарабілі – памятаюцца…
Сустрэўшы ў наступны раз сваю знаёмую, абавязкова скажу, што яна – малайчына. І зусім не трэба саромецца таго, што ездзіць, як сама сказала, у заработкі. Патрэбная гэта справа і ганаровая. Ёсць вольны час, дазваляе здароўе – чаму б не зарабіць? А бульбачка тая, заробленая сваёй працай, такой смачнай здаецца!
Ірына БУДЗЬКО
Ніколі б не падумала…
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов