Жыхарка аграгарадка Нарач Лізавета прывяла на прыём у мясцовую амбулаторыю сваю дачушку. «А ці даўно было тое, калі і саму яе таксама прыводзіла ў амбулаторыю матуля? – задумалася загадчыца ўстановы аховы здароўя Святлана Гром, паглядзеўшы на маладую жанчыну, і адказала сама сабе: – Як быццам, зусім нядаўна…»

Дарослых пацыентаў, якіх ведае з малых гадоў і якія сёння вядуць да яе сваіх дзетак, у Святланы Уладзіміраўны нямала. Для многіх яна стала амаль сямейным доктарам: памятае, як яны раслі, хварэлі і папраўляліся, сталелі, стваралі сем’і і самі станавіліся бацькамі… Некаторыя з іх жывуць сёння ў горадзе, але калі надараецца магчымасць, просяць яе кансультацыі, бо цалкам давяраюць прафесіяналу з 52-гадовым стажам у медыцыне. І, дарэчы, сёння прафесійны шлях Святланы Уладзіміраўны працягваецца.

Час хуткацечны, але чалавечая памяць захоўвае ўсё, раскладаючы акуратна па палічках жыццёвыя этапы. Скончыўшы са срэбраным медалём вясковую школу на Гомельшчыне, Святлана вырашыла стаць доктарам. Спроба паступіць у Мінскі медыцынскі інстытут на нейкі час аддаліла мару – хімію медалістка здала на чацвёрку і таму студэнткай не стала. Вярнулася на радзіму і год працавала санітарачкай. А на наступны год накіравалася ў Віцебск – і паспяхова стала студэнткай медыцынскага, выбраўшы спецыялізацыю «Лячэбная справа».
Інстытут скончыла ў 1974 годзе і спачатку працавала ў Брагіне на Гомельшчыне. Але здарылася бяда, выбухнуў Чарнобыль, і прыйшлося пераехаць у Докшыцкі раён. Там далі жыллё, і на працяглы час месцам жыхарства была вёска Ваўкалата. Менавіта там аднойчы прыйшлося прымаць у хатніх умовах роды – маці хлопчыка, які тады так спяшаўся з’явіцца на свет, і па сёння з удзячнасцю падтрымлівае сувязь са Святланай Уладзіміраўнай. Пазней па сямейных абставінах адбыўся пераезд з Докшыцкага раёна на Вілейшчыну – і ўжо 26-ты год Святлана Гром жыве і працуе ў аграгарадку Нарач.

На новым месцы спадабалася больш, чым у Докшыцах, прызналася падчас нядаўняй гутаркі Святлана Уладзіміраўна. Падтрымка – гэта тое, за што яна ўдзячна Вілейскай ЦРБ. Доўгія гады агульнай важнай справай яна аб’яднана з калегамі Марынай Касцевіч, Сяргеем Грынцэвічам, Таццянай Рамэра, Таццянай Лях, Святланай Ольтэ, Андрэем Тонкавічам і іншымі спецыялістамі цэнтральнай раённай бальніцы.
А яшчэ з удзячнасцю Святлана Гром кажа пра былога дырэктара ААТ «Нарачанскія зоры» Генадзя Кучко, які шмат год арганізацыйна і фінансава дапамагаў медыцынскай установе, адзначаючы, што да вырашэння многіх пытанняў заўсёды актыўна далучаецца і мясцовы сельвыканкам, які ўзначальвае Алена Абрамчык. Дыялог на месцы ёсць – а гэта вельмі важна, калі маем справу са здароўем людзей.

Сёння на ўчастку ў Святланы Гром толькі адно дзіцятка да года, а ў былыя часы, узгадвае яна, каб абысці патранатам усіх хлопчыкаў і дзяўчынак Нарачаншчыны, патрабавалася шмат часу. Сёння за дзяцінства ў амбулаторыі адказная медсястра Наталля Шайко, калега Святланы Уладзіміраўны, чалавек на сваім месцы. Тройчы на тыдзень у аграгарадок прыязджае стаматолаг – мясцовыя могуць атрымаць неабходную дапамогу на месцы. Дарэчы, новенькая стаматалагічная ўстаноўка, якая ёсць у сельскай амбулаторыі, была набыта таксама з фінансавай падтрымкай ААТ «Нарачанскія зоры».

Больш за паўстагоддзя жыцця Святлана Гром аддала медыцыне. Яна – выдатнік аховы здароўя, мае таксама безліч іншых высокіх узнагарод, якія пацвярджаюць яе прафесіяналізм. У жыцці Святлана Уладзіміраўна рэалізавала сябе як маці і бабуля. І ўдзячна лёсу, што на яе шляху сустракалася многа добрых людзей, на іх, падкрэслівае яна, сапраўды шанцавала. Партрэт Святланы Гром сёння размешчаны на імправізаванай вулічнай галерэі, прысвечанай Году беларускай жанчыны, уздоўж гарадскога парку ў Вілейцы. Жанчына-маці, жанчына-прафесіянал – адна з тых, кім ганарыцца Вілейшчына.
Таццяна ШАРШНЁВА/ Фота з архіву рэдакцыі







