Родную вёсачку Малмыгі, якой няма ўжо на карце Вілейскага раёна, Таццяна Мецік ўспамінае нярэдка, бо там прайшло яе дзяцінства. Вясёлае, але зусім не бесклапотнае – вясковыя дзеці ў той час заўсёды дапамагалі бацькам па гаспадарцы. «Мама была цялятніцай у колішнім «Бальшавіку», бацька – брыгадзірам, – прыгадала даўняе Таццяна Мікалаеўна. – Мы, трое дзяцей, дапамагалі ім ва ўсім. А як жа іначай?»
Таццяне выпала вучыцца ў трох школах: Чыжэвіцкай пачатковай, Крывасельскай васьмігадовай і ў Рабунскай сярэдняй, пасля чаго дзяўчына паступіла вучыцца ў тагачаснае «зенітаўскае» вучылішча №124.

– Пяць гадоў адпрацавала на заводзе, а затым жыццёвая сцяжынка прывяла на ферму ў Мінскім раёне, – расказала жанчына.
Атрымалася так таму, што яна выйшла замуж за хлопца, які служыў у арміі разам з яе суседам і прыязджаў да сябра ў госці. Так адбылася сустрэча, што стала для маладых лёсавызначальнай. Пажаніўшыся, маладыя пераехалі жыць на радзіму мужа – у Мінскі раён. Там Таццяна і пачала свой працоўны стаж даяркі, які не перарваўся і тады, калі сям’я Мецікаў вярнулася на Вілейшчыну. З таго часу гэта прозвішча ў нашым раёне на слыху, бо прадаўжальнікамі бацькоўскай справы сталі іх дзеці, што сумленна працуюць кожны на сваім месцы.
Здаецца, прыгадвае мая суразмоўца, зусім нядаўна было гэта ўсё: вяртанне сям’і ў Крывое Сяло, праца ў мясцовай гаспадарцы (жанчына і тут была даяркай, а муж – трактарыстам). Тут абжывалі дом, які прадаставіла гаспадарка, адсюль выходзілі ў жыццё іх пяцёра дзяцей, кожны з якіх выбраў сваю дарогу: Андрэй працуе ў лясгасе; Мікалай, якога мы ведаем як перадавога камбайнера, зараз працуе ў дарожнай арганізацыі, але на час жніва заўсёды садзіцца за штурвал камбайна; дочкі Кацярына, Святлана і Ірына таксама знайшлі сабе справу ў сваім раёне.

«Я шчаслівая маці і бабуля, – прызналася Таццяна Мікалаеўна. – Канешне ж, нялёгка было гадаваць дзяцей, ды яны з малых гадоў былі нашымі памочнікамі. Гаспадарку на падворку заўсёды трымалі вялікую, таму працавалі ўсе. А цяпер я жыву за імі, дапамагаюць мне ва ўсім».
У кожнага з дзяцей ужо даўно свае дамы і кватэры, але сцежку да роднага дома, дзе жыве матуля (гадоў дзесяць назад яна, на жаль, засталася адна), не забываюць. Радуецца Таццяна Мікалаеўна і прыезду ўнукаў, якіх у яе сямнаццаць.
«Старэйшы ўжо адслужыў у арміі, два зараз служаць, яшчэ адзін збіраецца, унучка паступіла вучыцца на юрыста, ёсць у нас і суворавец, – гаворыць пра старэйшых унукаў жанчына, і ў яе голасе чуюцца радасць і гонар. – А ўлетку мне не даюць сумаваць малодшыя, якія любяць бавіць час у вёсцы».
Часу ў жанчыны цяпер болей – не так даўно выйшла на заслужаны адпачынак, таму з задавальненнем удзяляе болей увагі блізкім, займаецца ўнукамі. Малым падабаецца быць з бабуляй, ласавацца яе смачнай выпечкай (шарлотка ды піца, кажуць, у яе найсмачнейшыя!). У вялікія святы дружная сям’я Мецікаў збіраецца ў матуліным доме, дзе ім ніколі не цесна. З дзяцінства прывыклі яны цаніць, паважаць, любіць адно аднаго, і гэта самае галоўнае.
«Дзякую Богу за дзяцей і ўнукаў, – кажа мая суразмоўца. – Яны для мяне – усё».
Хутка, падзялілася жанчына, будзе чарговая нагода сабрацца ўсім разам – пачнуць капаць бульбу. Ды для іх сямейнай талакі гэта хутчэй не цяжкая праца, а чарговая сустрэча ў бацькоўскім доме, калі можна і папрацаваць, і сустрэцца, і пагутарыць. А для матулі – чарговая нагода адчуць сябе шчаслівай, бо яны – дзеці і ўнукі – і ёсць яе сапраўднае шчасце.
Піца ад Таццяны Мецік:
– Можаце называць яе «Усяго па чатыры». Бяром чатыры яйкі, па чатыры лыжкі смятаны і маянэзу, столькі ж лыжак мукі, разрыхляльнік, соль. Усё старанна перамешваем. Наверх звычайна наразаю каўбасу, марынаваны агурок, памідор, націраю сыр. Вось
і ўсё. Атрымліваецца смачна.
Ірына БУДЗЬКО/Фота з сямейнага архіва гераіні матэрыяла







