Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

У верасні-кастрычніку ў нашым раёне пройдзе шэраг падрыхтоўчых мерапрыемстваў

Усяго дзесяць летніх дзён засталося, а далей – восень. Кажуць, гэта – тужлівая, сумная пара. Магчыма, але толькі не ў культурным жыцці Вілейшчыны. Таму маркота і сум нам не пагражаюць. У гэтым чытачоў «Шлях перамогі» паспрабуе пераканаць дырэктар цэнтра эстэтычнага выхавання Таццяна Захарыч:
– У верасні-кастрычніку ў нашым раёне пройдзе шэраг падрыхтоўчых мерапрыемстваў да другога рэгіянальнага свята-конкурсу аматарскага краязнаўчага кіно «Гэта мой край». Ужо адбылося першае пасяджэнне арганізацыйнага камітэта, і сёння я з вялікім задавальненнем пазнаёмлю жыхароў Вілейшчыны з планамі і тымі мерапрыемствамі, якія пачнуцца першага верасня і будуць доўжыцца да дваццатага кастрычніка. Перасоўная фотавыстава «Па слядах Першай сусветнай вайны» будзе прадстаўлена ў першы дзень восені ў Палацы культуры. У гэты ж час у краязнаўчым музеі адкрыецца выстава Эдуарда Мацюшонка. Дарэчы, будзе вельмі многа розных выстаў – фотаздымкаў, малюнкаў, навукова-даследчых матэрыялаў, кніг. Усе яны на краязнаўчую тэму і будуць арганізаваны ва ўстановах культуры і адукацыі нашага раёна. Згодна графіку адбудуцца экскурсіі ў Заброддзе, дзе і дзяцей, і дарослых гасцінна прымуць – Цітовічы Барыс і Валянціна.
– Напэўна, патрэбна падаць заяўку, каб арганізавалася група? Куды лепш звяртацца з гэтым пытаннем?
– У першую чаргу, ёсць тэлефон – 5-41-47, усе жадаючыя змогуць наведаць мемарыяльны комплекс памяці ахвяр Першай сусветнай вайны, патэлефанаваўшы і дамовіўшыся аб экскурсіі ў нейкі пэўны і зручны дзень. Калі ж мы вернемся да нашай размовы пра падрыхтоўку да свята, то адзначу, што ў ёй вельмі актыўны ўдзел прыме студыя дакументальнага кіно «Летапіс» «Беларусьфільма». Дарэчы, мы спадзяёмся, што віляйчане прыйдуць на кінасустрэчы «Вілейшчына краязнаўчая», якія адбудуцца 4 кастрычніка ў Палацы культуры. У межах гэтых сустрэч плануецца рэтраспектыўны паказ дакументальных фільмаў студыі «Летапіс», а таксама фільмаў, аўтарам якіх з’яўляецца Міхаіл Петух. Можна будзе не толькі ўбачыць гэтыя цудоўныя краязнаўчыя фільмы, але і абмеркаваць іх са стваральнікамі.
– Кінасустрэчы адбудуцца толькі на пачатку кастрычніка, а чаго нам чакаць у верасні, акрамя выстаў, пра якія вы ўжо расказалі?
– У краязнаўчым музеі 15 верасня адбудзецца сустрэча «Шляхам графа Тышкевіча». Яна ладзіцца для краязнаўцаў і ўсіх, хто цікавіцца турызмам. Потым мы сустрэнемся зноў у Палацы культуры на вялікім мерапрыемстве, да якога ўжо сёння рыхтуемся. У межах праекта «Незабыўныя імёны Вілейшчыны» адбудзецца вечар-канцэрт «Ствараем гісторыю разам», які мы прысвячаем памяці нашых землякоў – Анатоля Рогача і Віталія Кастэнкі.
– Напэўна, не памылюся, калі палічу, што фінальным акордам усіх названых Вамі мерапрыемстваў і стане рэгіянальны конкурс кіно?
– Так, свята адбудзецца дваццатага кастрычніка. На першым і другім паверхах Палаца культуры ў гэты дзень будуць працаваць розныя выставы на краязнаўчую тэму, таксама адбудзецца прэзентацыя тэлестудыі «Кола-ТВ» установы адукацыі «Вілейскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж». Ну і канешне, дзея, якую мы вельмі чакаем, – паказ конкурсных фільмаў. Як вы бачыце, у гэтым годзе праграма вельмі насычаная. Асноўная мэта ўсіх падрыхтоўчых мерапрыемстваў – у першую чаргу, папулярызацыя гісторыка-краязнаўчых традыцый, знаёмства нашай моладзі з гісторыяй роднага краю, далучэнне як мага большай колькасці людзей да краязнаўчай дзейнасці. Карыстаючыся магчымасцю, хачу звярнуцца да віляйчан. Паважаныя сябры, прымайце ўдзел у конкурсе, з умовамі якога вы можаце азнаёміцца на сайце райвыканкама. Мы спадзяёмся, што вы абавязкова падтрымаеце ініцыятыву. Можа, у першы раз не будзе дыпломаў і падарункаў, але самае галоўнае – ваш удзел і далучэнне да агульнай справы. Калі мы ствараем фільмы пра нашых землякоў, іх лёсы, пра нашы цудоўныя мясціны, мы адраджаем гісторыю, мы яе захоўваем. Хто як не мы захавае тое, што пакінулі нам бацькі, дзяды і прадзеды? Галоўнае сёння – зберагчы гэты скарб Вілейскай зямлі. Далучайцеся, калі ласка.
Падрыхтавала Марына ПУЦЭЙКА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 168 queries