Нягледзячы на зменлівае надвор’е, уборачныя работы працягваюцца поўным ходам, а колькасць убранага збожжа з кожным днём расце. І ўсё гэта – дзякуючы працаўнікам, якія ўносяць свой важкі ўклад у агульны каравай.

10 жніўня Генадзь Маскалевіч, камбайнер ААТ «Новая Вілія», сабраў сваю першую тысячу тон у гэтым годзе. Для яго гэта далёка не навінка, бо працуе на камбайне ён ужо сёмы сезон. Аднак кожны раз, дасягаючы круглай лічбы, Генадзь адчувае, што папрацаваў на славу.

З гэтым вынікам камбайнера прыехалі павіншаваць першы намеснік старшыні Вілейскага райвыканкама – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Сяргей Шупенька, старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Ірына Супрановіч і галоўны эканаміст ААТ «Новая Вілія» Вольга Глінская. Да віншаванняў далучылася і прадстаўніца сферы культуры, якая ўпрыгожыла гэты святочны дзень душэўнай песняй.

Генадзь распавядае, што першыя гады два запаветную лічбу сабраць не атрымлівалася, але як толькі набраўся вопыту – справы адразу пайшлі ўгару. Хаця праца камбайнера не з лёгкіх і прымушае хвалявацца блізкіх (асабліва жонку, якая, паводле слоў Генадзя, вельмі яго падтрымлівае), адступаць перад цяжкасцямі ён не звык. На запаветную тысячу пайшло каля трох тыдняў, а на пытанне: «Хацелі б намалаціць другую?» – ён з натхненнем адказвае: «Вядома ж, так!»

Заслужаныя віншаванні і падарункі ў гэты дзень атрымалі і вадзіцелі, якія перавезлі па тысячы тон збожжа: Аляксандр Герасіменка, Мікалай Шымель, Пётр Мінін і Віталій Кірык. Для шафёраў уборачная – не менш напружаны час, бо перавозка ўраджаю з палёў патрабуе максімальнай сабранасці і хуткасці. Іх зладжаная праца дапамагае ўтрымліваць высокі тэмп жніва і берагчы кожны кілаграм з цяжкасцю вырашчанага збожжа.

Лізавета ВАСІЛЕВІЧ/ Фота аўтара







