Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Пад сінню неба – золата палёў: як вілейскія вадзіцелі і камбайнеры б’юць рэкорды

Магутныя камбайны плывуць па залатой ніве, над якою разлілася сінь неба з рэдкімі аблачынкамі. Здавалася б, спакойны летні пейзаж, але за ім – напружаная праца з раніцы і да позняга вечара. Бясспрэчна, камбайнеры і вадзіцелі – сапраўдныя героі жніва, якое ўжо называе лепшых. Шэраг тысячнікаў на Вілейшчыне з кожнай працоўнай перамогай павялічваецца.

На днях віншавалі тых вадзіцеляў і камбайнераў, што перайшлі тысячны рубеж. Ім падзякі ад райвыканкама і галіновага прафсаюзу ўручалі прама на полі – гарачая пара дыктуе свае ўмовы.

Сяргей Кажура жыве ў Шылавічах, адтуль і родам, а працуе ў «Нарачанскіх зорах». Скончыў тагачаснае СПТВ-200 у Вілейцы – і прыйшоў працаваць у сельскую гаспадарку. У «сельгасхіміі» працаваў бацька – з малых год меў справу з тэхнікай і сын. На 5 жніўня на сваім МАЗе Сяргей Кажура перавёз ужо больш за 1000 тон зерня. На працу настроены рашуча: «Надвор’е зараз спрыяе, не тое што пару тыдняў назад, галоўнае, каб ураджай не падводзіў – будзе што вазіць», – адзначае ён, маючы на ўвазе другую тысячу тон.

З 90-х кожны ўборачны сезон шчыруе ў полі Алег Седы, вадзіцель сельскагаспадарчага прамысловага ўчастка «Даўгінава». Нарадзіўся ў Язнях, жыве ў Крывічах, і ўвесь час, шмат гадоў, працуе ў адной гаспадарцы. Прымяраючы на кабіну «КамАЗа» наклейку «Лідар жніва» з лічбай 1000 тон, бацька дзвюх дачок расказвае, што тэхнікай цікавіцца маленькі ўнук – хто ведае, можа, і ён у будучым справай жыцця таксама выбера поле.

Яшчэ адно поле прамысловага ўчастка «Даўгінава», дзе зараз ідзе ўборка рапсу – і адразу тры тысячнікі: Генадзь Каляга, Юрый Вячорка і Уладзімір Лубнеўскі. Кіраўнік гаспадаркі Іван Грыбок, старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Ірына Супрановіч і старшыня прафсаюзнай пярвічкі Аляксандр Бяганскі віншуюць вадзіцеляў з працоўным дасягненнем. Кожны – на сваім месцы, таму і руль тэхнікі – у надзейных руках.

Юрый Вячорка раней працаваў у «Першым Беларускім», зараз – тут. Ён не скардзіцца на цяжкасці – праца спорыцца, дома надзейны тыл забяспечваюць жонка Наталля, якая працуе на ферме ў Добравічах, з малодшай дачушкай, чацвёракласніцай Кацяй. Старэйшы сын Уладзіслаў зараз у арміі, служыць у паветрана-дэсантных войсках, а сярэдняя дачка Анастасія скончыла 9 класаў і паступіла ў сталічны медыцынскі каледж.

«Надвор’я чакалі – атрымалі, цяпер шчыруем, каб своечасова ўбраць тое, што вырасцілі. Сваю работу ведаем – працуем, адну справу скончым – возьмемся за іншую. А каб вы бачылі, колькі арганікі намі сёлета было вывезена! Кукуруза вунь вырасла роўна з МАЗам – будзем убіраць», – кажа яшчэ адзін вадзіцель-тысячнік Генадзь Каляга, паказваючы ў бок тэхнікі, якая на нядоўгі час спынілася, каб хутка зноў рушыць у поле.

Сярод машын – МАЗ Уладзіміра Лубнеўскага, які сцвярджае, што на адной тысячы тон не згодны спыняцца. І мы верым, бо памятаем, як летась яму пакарыліся 3000 тон зерня.

«3860 тон – мой мінулагодні вынік, стаўлю не меншую задачу сабе і сёлета», – кажа, удакладняючы, Уладзімір Лубнеўскі.

На лабавым шкле грузавога аўтамабіля – імя вадзіцеля. А ўнутры кабіны – асаблівы дызайн: над афармленнем папрацавалі дочкі. Старэйшая ўжо працуе, расказвае бацька, а малодшая перайшла ў адзінаццаты клас і зараз задумваецца пра прафесію агранома.

Яшчэ адным тысячнікам жніва стаў Дзмітрый Дурэйка з ААТ «Чурлёны» – яго віншавалі ўрачыста і з песняй.

Віктар і Андрэй Гакуці – стрыечныя браты, якія зараз, падчас уборачнай, працуюць у складзе аднаго экіпажу.

Для Віктара Віктаравіча, старэйшага камбайнера, «Нарачанскія зоры» – асноўнае месца працы, а вось Андрэй Часлававіч, памочнік, толькі ў сезон акунаецца ў аграрныя клопаты – увесь астатні год ён працуе настаўнікам пачатковых класаў у Нарацкай сярэдняй школе. Зараз іх аб’ядноўваюць не толькі роднасныя сувязі, а агульная важная задача – убіраць хлеб. Справа спорыцца – ёсць першая тысяча!

З гэтай нагоды іх віншавалі на днях старшыня Вілейскага райвыканкама Анатоль Завацкі, яго першы намеснік Сяргей Шупенька, старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Ірына Супрановіч, да якой далучылася калега, якая ўзначальвае раённы прафсаюз адукацыі і навукі Святлана Валынец, а таксама кіраўнік ААТ «Нарачанскія зоры» Аляксей Раманюк і галоўны аграном Вольга Каспяровіч.

Знайшоўся час і для песні, якую падарылі таленавітыя артысты Вілейшчыны, каб стварыць настрой і падбадзёрыць у важнай справе, ад якой залежыць агульны дабрабыт.

Таццяна ШАРШНЁВА/ Фота аўтаранароч

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 239 queries