Госці з нямецкага горада Оберхаўзэна ўжо не ўпершыню наведваюць Вілейку. І сталі ўжо сапраўднымі сябрамі. Дваццаць адзін год доўжыцца гэта сяброўства. З іх дапамогай нашы дзеці маюць магчымасць выехаць за мяжу на аздараўленне. Так, сёлетнім летам 38 хлопчыкаў і дзяўчынак адпачывалі ў Галандыі. Дарогу ў нашу Вілейку оберхаўзэнцы «знайшлі» дзякуючы чалавеку добрай душы, які актыўна клапоціцца аб дзецях, – Мікалаю Гіро. Ён узначальвае Вілейскае раённае аддзяленне Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Беларускі дзіцячы фонд».
У час знаходжання нямецкіх сяброў у горадзе адзін з дзён быў насычаны культурнай праграмай. Адбылася сустрэча са школьнікамі ў цэнтры эстэтычнага выхавання. Госці пазнаёміліся з талентамі нашых дзяцей, даведаліся аб іх захапленнях. Цікавым было і наведванне мясцовага краязнаўчага музея, які нядаўна адзначыў сваё 30-годдзе. Народны хор ветэранаў вайны і працы з нецярпеннем чакаў сустрэчы з нямецкімі гасцямі. З імі нас пазнаёміў Мікалай Гіро. Дарэчы, яны амаль усе – пенсіянеры. Мы мелі магчымасць задаваць пытанні ім, яны – нам. Цікавіліся ўзростам выхаду на пенсію,яе памерам, бытавымі ўмовамі жыцця, медыцынскім абслугоўваннем, нацыянальнай кухняй і іншым. Дапамагала нашай гутарцы настаўніца з гімназіі «Логас» Ала Патапава, якая была ў якасці перакладчыка. Наш кіраўнік, Зоя Наўрось, расказала аб хоры. А потым быў невялікі канцэрт. Старшыня раённага савета ветэранаў Ганна Шэпелева шчыра падзякавала за такі кампактны, змястоўны і разнастайны канцэрт. Мы і самі засталіся задаволенымі, бо спявалася лёгка, ад усёй душы. Спачатку прагучала «Беларусь мая», а потым – «Вёсачка». Гучалі песні ў выкананні нашых салістаў Алены Конанавай, Людмілы Кузьміной, Усевалада Шкадзінскага. Прыемным было выступленне дуэта Раісы Кергет і Усевалада Шкадзінскага. Задушэўна спявала і трыо: Зоя Наўрось, Раіса Кергет і Людміла Кузьміна. Завяршыўся канцэрт лірычнай песняй Яўгена Мартынава «Посидим по-хорошему». Яна пра тое, што «на земле жили-прожили мы не зря», і што «шагнут внуки, правнуки дальше нас».
Падчас сустрэчы нашага акампаніятара не было ў горадзе. Мы вельмі ўдзячны Сяргею Рудніцкаму, які выручыў нас. Гэты таленавіты музыкант здолеў за адну рэпетыцыю падрыхтаваць нас да канцэрта.
З нямецкімі гасцямі доўга не маглі развітацца. Праводзілі іх і музыкай, і сумеснымі танцамі. Нечаканая сустрэча застанецца ў памяці ўдзельнікаў хору і ва ўсіх, хто прысутнічаў на ёй. Спадзяёмся на новыя знаёмствы з добрымі, цікавымі людзьмі.
Галіна Капцюг







