Такое «плаванне» выбралі на час сваіх чарговых працоўных адпачынкаў майстры вытворчага навучання Вілейскага дзяржаўнага каледжа Сяргей Рындзевіч і Аляксандра Путро. Мора тое — бязмежная хлебная ніва, а карабель — камбайн, на якім маладыя людзі разам працуюць на жніве.
v
– Для мяне гэта трэці сезон, які я працую ў «Алай зары», — падзяліўся Сяргей Рындзевіч. — За гэты час ужо практычна стаў сваім у гэтай гаспадарцы.
Хоць хлопец нарадзіўся на Маладзечаншчыне, але і наш раён, дзе працуе пасля заканчэння Мар’інагорскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа, ужо лічыць сваім. А сёлета ў маладога экіпажа справа павінна асабліва ладзіцца, бо памочнікам у камбайнера — яго маладая калега Аляксандра Путро, якой таксама не займаць энтузіязму і працавітасці.

Ну і што, разважаюць маладыя людзі, што ў свой працоўны адпачынак не адправіліся, як некаторыя іншыя, некуды да мора? Гэта, упэўнены, яшчэ некалі будзе. А пакуль у іх свой адпачынак — працоўны, сваё мора — залатое, і свой карабель — магутны камбайн.
— Задача стаіць важная — убраць вырашчаны ўраджай своечасова, без страт, — так абазначыў галоўны клопат на гэты час Сяргей Іванавіч. — Урэшце, як і ва ўсіх хлебаробаў. Вось і працуем, стараемся.
На дзень нашай сустрэчы малады экіпаж працаваў на хлебнай ніве недалёка ад Крывога Сяла.
Ірына БУДЗЬКО/ Фота Лізаветы ВАСІЛЕВІЧ







