Раўнюткі палетак, апрацаваны са скрупулёзнай хлебаробскай дбайнасцю, як гэта ўмеюць рабіць менавіта ў «Нарачанскіх зорах». Так ён выглядае сёння. Пасля таго, як скінуў з сябе ношу са жніўнага калосся і з людской дапамогай стаў рыхтавацца да чарговай дзеі бясконцага абнаўлення. Якія надзеі хлебаробаў здзейсніла поле і што чакаецца ад яго ў перспектыве? – у гэтым рэчышчы – наша гутарка з Віктарам ДРАЧЫЛОЎСКІМ, галоўным аграномам адкрытага акцыянернага таварыства «Нарачанскія зоры».
– Агульны вынік жніва падводзіць яшчэ рана. І ўсё ж: ці парадаваў Вас як агранома высокай урадлівасцю збожжавы клін?
– Адказаць можна і адмоўна, і сцвярджальна. Па валавому намалоту і ўраджайнасці мы пакуль лідзіруем у раёне. Хоць звыш сарака цэнтнераў з гектара сёння маюць «Сцешыцы», «Язні», сельскагаспадарчае прадпрыемства камбікормавага завода, «Вілія-агра». Мы сочым за аператыўнай інфармацыяй сельгасупраўлення. Параўноўваем вынікі, аналізуем. Штосьці ў гэтым параўнанні радуе, нешта засмучае. Так яно і павінна быць: стымулюючы эфект спаборніцтва ніхто не адмяняў. Толькі планавалі мы ўраджайнасць збожжавых на ўзроўні 49-ці цэнтнераў. Пацягнулі ўніз паказчык землі падсобнай гаспадаркі «Дружба» райаграсервіса, нядаўна да нас далучаныя. А гэта толькі ворыва 800 гектараў. На належачай дагэтуль нам зямлі мы пастаўленую перад сабой мэту дасягнулі: 49 цэнтнераў з гектара атрымалі. Але ж вал цяпер на ўсю плошчу дзеліцца.
– Прыродная ўрадлівасць нарачанскай зямлі, мне памятаецца, невысокая. Намалот дасягаецца за кошт агратэхнічных мерапрыемстваў, той самай культуры земляробства…
– Сярэдні бал нашых зямель – на ўзроўні 30,2. А гэта азначае, што 15 цэнтнераў з гектара мы можам мець за кошт прыроднай урадлівасці глебы. Таму, вы маеце рацыю, астатняе – агратэхніка.
– Сёлета «Нарачанскія зоры» маюць добры ўраджай рапса: 32 цэнтнеры з гектара…
– Планавалі мець сорак. Зноў спрацавала арыфметыка далучаных зямель. Мяркую, у мяне як агранома вы хацелі запытаць аб тэхналогіі вырошчвання гэтай увогуле прыбытковай для сельгаспрадпрыемстваў збожжавай культуры. Сакрэтаў тут ніякіх не маю. Ёсць агратэхнічныя нормы. Іх мы захоўваем. Пад вышэйназваную ўраджайнасць унеслі на гектар плошчы 4 цэнтнеры калійных, 2 цэнтнеры фосфарных угнаенняў. Пасля сяўбы – гербіцыды. Да ўсходаў і пасля іх. Таксама па норме. На недаборы ўраджайнасці адбіўся выхад з зімоўкі. Частка пасеваў была пашкоджана. І яшчэ адзін фактар спрацаваў: не змаглі закупіць дарагі імпартны прэпарат для барацьбы з хваробамі раслін. Вельмі важнае для гэтай культуры, сцвярджаю як вопытны аграном, – захаванне аптымальных тэрмінаў сяўбы. Навука і практыка вызначаюць іх у прамежку з 10-ага па 20 жніўня. На дадзены момант тэмп сяўбы стрымліваюць дажджы. Глеба прыліпае да сошнікаў і якасць сяўбы вымушае чакаць лепшага.
– Кажуць, рапс добры папярэднік для іншых збожжавых культур. Як у «Нарачанскіх зорах» выкарыстоўваюць гэту яго ўласцівасць, калі сказанае адпавядае ісціне?
– Сапраўды так. Рапс пакідае за сабой чыстую глебу і дазваляе мець ураджайнасць на 5-6 цэнтнераў вышэй звычайнай. Такую ж уласцівасць мае і канюшына. Сёлетняй восенню на месцы гэтых культур мы пасеем азімы трыцікале. Ужо рыхтуем для сяўбы глебу, уносім у яе ўгнаенні і заворваем. З азімых культур у сваёй гаспадарцы мы яшчэ «раяніруем» жыта. Ад ячменю і пшаніцы адмовіліся. Гэтыя віды азіміны «дрэнна паводзяць» сябе на нашых пясчаных і супясчаных землях.
– І вернемся да вынікаў жніва. Яны ў нас усё яшчэ на слыху. Які сёння камбайнавы экіпаж лідзіруе па намалоту? Раней мы называлі Мікалая і Аляксандра Гарэлікаў.
– Іх «Лексіён» і зараз не падводзіць. На першым месцы ў гаспадарцы менавіта гэты сямейны тандэм. Наогул жа, сваяцкія адносіны існуюць і паміж большасцю членаў нашых камбайнавых экіпажаў. Немалаважная акалічнасць. Яна дазваляе людзям у поўнай меры разлічваць на ўзаемападтрымку і ўзаемавыручку.
– Па валавому намалоту збажыны «Нарачанскія зоры» займаюць у раёне першае месца. Як прынята казаць, іх кавалак у хлебным караваі Вілейшчыны мяркуецца найбольш важкім.
– Будзем спадзявацца на гэта. А ўрэшце, чакаць вынікаў засталося нядоўга.
Марыя КУЗАЎКІНА
br /