Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Пётр Крывіцкі: «Сумленна і прафесіянальна рабіць сваю справу»

Галоўнае ў працы журналіста – сустрэчы з цікавымі людзьмі, якія надоўга застаюцца ў памяці. Выязджаючы ў тую ці іншую гаспадарку Вілейшчыны, заўсёды ўзгадваеш тых, з кім тут у свой час зводзіў лёс і пра каго расказвала на газетных старонках.

Калі бываю ў ААТ «Чурлёны», міжволі ў думках вяртаюся на некалькі гадоў назад, калі героем нашых матэрыялаў быў механізатар тутэйшай гаспадаркі Пётр Крывіцкі. З гэтым чалавекам сустракаліся ў розныя поры года: вясной, калі ён працаваў на «Расе», улетку і ўвосень – на кормаўборачнай тэхніцы, а то і на жніве.

Як і ўсе дбайныя аграрыі, шчыраваў чалавек з ранняй вясны і да белых мух. За такія адносіны да даручанай справы ў свой час сумленны працаўнік стаў уладальнікам спецыяльнага прыза рэдакцыі нашай газеты «За адданасць полю».

А ў 2018 годзе плённая праца Пятра Крывіцкага была высока ацэнена дзяржавай: ён быў узнагароджаны Ордэнам Пашаны, які механізатару ўручыў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка. Памятаю, з якім хваляваннем расказваў механізатар пра сустрэчу з кіраўніком дзяржавы, гаварыў, што ніколі не імкнуўся да такой высокай адзнакі яго працы – проста сумленна і прафесіянальна рабіў справу, якая яму была даверана. І гэта самае галоўнае.

Сям’я і новы дом на Іжаншчыне

У далёкім ужо 1984-м лёс прывёў сям’ю Крывіцкіх з Мядзельшчыны ў наш раён, дзе Пётр Іосіфавіч і Лілія Лявонаўна месцам жыхарства выбралі маляўнічую Іжаншчыну – вёску Лыцавічы. Адсюль пайшлі ў самастойнае жыццё дзве іх дачкі, а затым і прыёмныя дзеткі, якім Крывіцкія замянілі бацькоў.

Заслужаны адпачынак

Мінулым летам, сумленна адпрацаваўшы ў «Чурлёнах», Пётр Іосіфавіч выйшаў на заслужаны адпачынак. Аднак восенню яшчэ дапамагаў гаспадарцы ўбіраць кукурузу, а сёлетняй вясной шчыраваў на «Расе». Так што сувязь з роднай гаспадаркай не губляецца, і ў перыяд адказных работ ветэран, як бачна, прыходзіць на дапамогу.

Тры дзясяткі гадоў – такі механізатарскі стаж Пятра Крывіцкага ў «Чурлёнах», а да гэтага ён з дзясятак гадоў працаваў тут вадзіцелем.

Галоўныя клопаты сёння

Сёння галоўны яго клопат – прысядзібны ўчастак і ўнукі, якія з задавальненнем бавяць час у дзядулі з бабуляй. Заслужаны адпачынак – так іншы раз кажуць пра пенсію. У Пятра Крывіцкага адпачынак і сапраўды заслужаны яго шматгадовай плённай працай і высока адзначаны.

Ірына БУДЗЬКО/ Фота з архіва рэдакцыі

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 226 queries