Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Уладзімір Дубовік: забытае імя чалавека, журналіста і паэта

У маёй хатняй бібліятэцы захоўваецца невялічкі зборнік вершаў на пяцьдзясят старонак, у якім надрукавана толькі семдзесят тры вершы. Напэўна, гэта ўсё, што захавалася з творчасці нашага земляка Уладзіміра Дубовіка.

Зборнік быў надрукаваны ў 1981 годзе выдавецтвам «Мастацкая літаратура» тыражом 4000 асобнікаў. У той час паэты самі за ўласныя грошы не выдавалі свае вершы – выдавецтвы выбіралі лепшыя і друкавалі за дзяржаўныя сродкі.

У чэрвені гэтага года спаўняецца сорак год з дня заўчаснай смерці паэта. Я не ведаў яго асабіста, хаця і жыў у той час у Вілейцы. Але ведаць паэта можна і па яго творчасці.

Пошукі слядоў

Калі ў мяне ўзнікла думка напісаць пра яго артыкул у раёнку, я спрабаваў даведацца пра яго жыццёвы шлях, аднак дарэмна. У раённай бібліятэцы нічога пра яго мне не распавялі, там няма і яго зборніка.

Я наведаў яго радзіму – вёску Більцавічы, на могілках адшукаў месца яго пахавання, а ў вёсцы – дзвюх бабулек, якія па фотаздымку з помніка ўспомнілі, што жыў ён тут калісьці, бацькі яго рана памерлі, выхоўвала яго цётка, якую чамусьці ў вёсцы называлі «Капраліха». Уладзімір вельмі любіў яе. А больш нічога пра яго не ведалі.

Толькі ў кнізе «Памяць» Вілейскага раёна на старонцы 642 – шэсць радкоў аб ім і крыху яго вершаў аб любові да родных куточкаў і сцяжынак.

Кароткае жыццё, багатае на перажыванні

Уладзімір Дубовік пражыў кароткае жыццё – усяго 46 гадоў. Затое папрацаваў на Урале, быў шафёрам, сталяром-чырванадрэўшчыкам, скончыў Мінскую вышэйшую партыйную школу. Апошнім месцам яго працы была рэдакцыя нашай раённай газеты.

Мне расказвалі, што ў яго была вельмі добрая ўласная бібліятэка, кнігі ў якой размяшчаліся на прыгожых палічках, зробленых ім асабіста. Пасля яго смерці бібліятэка знікла. А магчыма, там былі і рукапісы яго ненадрукаваных вершаў, якіх нам ужо ніколі не прачытаць.

Шчырасць, якая не старэе

Вершы Уладзіміра Дубовіка – гэта вынік яго жыццёвых перажыванняў. Паэт як бы адчуваў, што жыццё яго будзе кароткім, і як мага больш выказваў сваё стаўленне да радзімы, да бацькоў, па якіх сумаваў, да прыроды і наогул да жыцця:

Проста так, без дай прычыны,
Песню скласці немагчыма:
Чалавеку крылы трэба,
Каб ляцець высока ў неба.

Гэтыя радкі якраз і сведчаць, што аб чым бы Уладзімір Дубовік ні пісаў – усё з перажытага, усё прапушчана праз сэрца.

Паэт хварэў, у яго не склалася сямейнае жыццё, і ён не пакінуў пасля сябе ні дачкі, ні сына, але адчуваў сябе шчаслівым, таму што нёс радасць чытачу. Апошнія радкі з яго зборніку:

Гэта шчасце, гэта радасць –
Пець ад сэрца, ад душы,
Захапляцца нівай, садам,
Дасягнуць сваіх вяршынь.
І вагу адчуўшы слова,
Крылы, гукаў пераліў,
Адкрываць сабе нанова
Сувязь неба і зямлі.

Яго вершы кранаюць і кладуцца на сэрца не толькі мне, чалавеку, які пражыў нямала. Яны вельмі спадабаліся майму пятнаццацігадоваму ўнуку. Калі ён прачытаў іх, сказаў: «Дзядуля, у яго вельмі шчырыя вершы».

Так, Уладзімір Дубовік пісаў вельмі пранікнёна. З паэтаў нашай Вілейшчыны ён адзін з тых, хто пісаў шчыра – ад сэрца.

Іосіф Маціюн

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 233 queries