Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Дзень падпісчыка: супрацоўнікі раённай газеты сустракаюцца з працоўнымі калектывамі

Якім быць раённаму выданню? Пра гэта вядуць дыялог чытачы газеты і журналісты, выязджаючы ў працоўныя калектывы.

На днях такая сустрэча прайшла ў раёне электрычных сетак. Перад пачаткам працоўнага дня ў актавай зале арганізацыі сабраліся яе працаўнікі, да якіх прыйшлі прадстаўнікі рэдакцыі. І пайшла размова пра тое, якой, на думку чытачоў, павінна быць газета, каб яе чыталі з задавальненнем і заўсёды знаходзілі ў ёй патрэбную інфармацыю.

«Усё, што цікавіць, даведваюся з інтэрнэта»,  – гэта адзначылі некаторыя з прысутных, і яно зразумела: сёння немагчыма ўявіць чалавека без тэлефона. Інфармацыю людзі атрымліваюць, што называецца, цёпленькай. Што ж, жывём у хуткацечны час, і гэта сённяшнія рэаліі. Але ж і без газеты людзі, якія чытаюць яе дзесяцігоддзямі, сябе не ўяўляюць. Хіба не цікава ведаць, што адбываецца ў горадзе і раёне, пра што газета падрабязна расказ­вае на сваіх старонках? Цікава. І, напэўна, трэба, калі жывеш у раёне, дзе нарадзіўся, працуеш, гадуеш дзяцей.

Дык пра што канкрэтна гаварылі на сустрэчы, што прапаноўвалі нашы чытачы? Пытанні з тлумачэннямі кампетэнтных спецыялістаў; крытычныя матэрыялы; расказы пра цікавых людзей; жыццёвыя матэрыялы; карысныя парады і красворды – гэта толькі частка таго, што людзям цікава чытаць і што яны хочуць бачыць на газетных старонках. І нават канкрэтныя заданні мы атрымалі на сустрэчы. Так, напрыклад, прысутныя заўважылі, што не заўсёды на дамах у горадзе і раёне змешчана нумерацыя, і службам, у тым ліку і электрычнай, нялёгка часам знаходзіць патрэбны дом. Заўвага важная, і яе абавязкова адрасуем кампетэнтным спецыялістам.

На сустрэчы жадаючыя маглі нават на месцы падпісацца на газету – разам з журналістамі тут прысутнічала і паштальён. Некаторыя скарысталіся такой магчымасцю і аформілі падпіску, за што ім шчыры дзякуй. Усе іх пажаданні ўлічым і шукаць адказы на пытанні будзем.

Прыемны момант: адзін з прысутных, што падпісваўся на газету, зазначыў: «Сам навіны прачытаю ў інтэрнэце, а газета няхай будзе для маці». Што ж, слушнае рашэнне клапатлівага сына.

Ірына БУДЗЬКО/Фота Лізаветы ВАСІЛЕВІЧ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 193 queries