Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Адзіная сярод пяці мужчын: як жыве мнагадзетная маці з вёскі Забалацце

Быць мнагадзетнай матуляй зусім няпроста, а быць адзінай жанчынай у сям’і сярод пяці мужчын, напэўна, яшчэ складаней. Вось і Наталлі Куніцкай з Забалацця выпала жыць у мужчынскім асяроддзі дарагіх яе сэрцу мужчын. Канешне ж, пагаджаецца яна, няпроста. Ды, як правільна кажуць у народзе, свая ноша не цяжкая. 

Сямейная гісторыя

У студзені наступнага года сям’я Куніцкіх адзначыць 19-годдзе сумеснага жыцця. А папярэднічала ўсяму сустрэча Наталлі і Ігара на мерапрыемстве ў сяброў, якая і стала лёсавызначальнай. Маладыя пакахалі адзін аднаго, а праз пэўны час пажаніліся.

Чаму не паехалі жыць у горад, як гэта робяць многія маладыя, а выбралі вёску? На гэта пытанне Наталля адказвае без раздум’яў: карані, маўляў, у вёсцы ўжо трывала пусцілі іх блізкія.

– Бацькі мужа ўсё жыццё аддалі сельскай гаспадарцы, сам Ігар – трактарыст з вялікім стажам, працуе ў філіяле «Юнік-АГРА». І мая матуля, якая жыла ў Рабуні, усё жыццё была даяркай. Так што з вёскай мы абое звязаны вельмі цесна.

Прафесія

Праўда, пра тое, што будзе жывёлаводам, Наталля ў юнацтве не думала. Пасля школы вывучылася на повара, аднак з гэтай прафесіяй, што называецца, не склалася.

– Зразумела хутка, што гэта не маё, – падзялілася жанчына. – Затое ў жывёлагадоўлі адчуваю сябе на сваім месцы. Цяпер вось працую на дарошчванні цялят. Адказная работа, але цікавая. Яны ж, цяляткі, як і дзеці. Праўда, у мяне не зусім маленькія, а ўжо падлетачкі…

І з імі яна абыходзіцца сапраўды як з падлеткамі – з любоўю, адказнасцю, клапатліва.

– Добрая працаўніца, дастойная таго, каб пра яе прачыталі ў газеце, – так ахарактарызавала Наталлю Валер’еўну галоўны заатэхнік філіяла «Юнік-АГРА» Раіса Лазовік, і ў гэтых словах – высокая ацэнка працы сціплай жанчыны.

Чатыры сыны

Чатыры сыночкі – гэта галоўнае багацце і сэнс жыцця Наталлі і Ігара Куніцкіх. Аляксандр ужо вучыцца ў Мар’інагорскім аграрным каледжы – будзе прадаўжальнікам справы бацькоў. Заканчвае дзявяты клас Максім, якога цягне да аўтамабіляў – хутчэй за ўсё з імі і звяжа жыццё. У малодшых – трэцякласніка Паўла і Рамана, які ў верасні стане школьнікам, – пакуль што клопаты вядомыя: вучыцца, гуляць, дапамагаць бацькам.

Моманты, калі ўся сям’я збіраецца разам, для бацькоў самыя дарагія. З задавальненнем ласуюцца хлопцы мамінымі пірагамі (вось дзе прыгадзілася першая прафесія!) і расказваюць, дзеляцца, плануюць…

– Хочацца, каб дзеці выраслі сапраўднымі мужчынамі, былі апорай, падтрымкай, абаронай і ў сваіх будучых сем’ях, – падзялілася сваім, мацярынскім, Наталля. – Заўсёды вучым іх быць такімі, дабівацца сваёй мэты, стаць добрымі людзьмі, прыкладам для іншых.

Няхай так і будзе. А пакуль што дзеці растуць, вызначаюцца з будучыняй, спрабуюць шукаць сябе. Гэта і ёсць жыццё, якому яны вучацца ў сваёй сям’і.

Ірына БУДЗЬКО/ Фота з сямейнага архіва КУНІЦКІХ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 181 queries