– Звычайнае, простае маё жыццё, няма чаго Вам пра мяне пісаць, – абаранялася ад маіх пытанняў пра жыццё-быццё Людміла Валынец. – Самі паглядзіце. Працавала з васямнаццаці год – не збылася мара паступіць у Бабруйскае мастацкае вучылішча, хоць і малявала нядрэнна. Тады ж цётка запрасіла да сябе ў Латвію – пражыла там чатыры гады, працавала ў лясной вопытнай станцыі. Вырошчвалі, прывівалі сосны, кедры, елкі – даследавалі драўніну, яе гатункі. Прыехала дамоў, літаральна праз паўгода выйшла замуж. З мужам 32 гады мы разам. Дзеці дарослыя, ёсць унучанька…
Ва ўяўнай прастаце такога жыцця – чалавечы лёс, напоўнены сэнсам, і простае чалавечае шчасце. Пра тое ж, што ёсць такая жанчына, якая доўгі час сумленна і бездакорна працавала на рамонтным заводзе, расказалі яе калегі.
Больш за 25 год прайшло, як прыйшла яна сюды, дзе з семдзясят дзявятага года наладчыкам штампаў ужо працаваў яе муж, Аляксей Анатольевіч. Спачатку была кастэлянкай і паспартысткай у інтэрнаце завода, пасля гады з тры – дворнікам. Працаваць стала цяжкавата – дом прыватны, зразумела, што патрабаваў пэўных намаганняў і ўвагі. Калі з дзевяці раніцы да шасці вечара на працы – не так проста паспець парабіць усе справы. Якраз тады ёй прапанавалі пайсці на рамзавод. Былі сумненні – калектыў новы, не маленькі – як прымуць? Але пайшла. «І кожны дзень была ўдзячная за гэта», – расказвае сёння Людміла Іосіфаўна. З цягам часу ў адміністрацыйным корпусе завода пачалі з’яўляцца кветкі, якіх усё большала. Бо калі з’явіўся свой дом, тады Людміла Валынец і стала аматарам кветак. Разводзіла іх, рассаджвала – і прыносіла на работу ўсё новыя і новыя парасткі. Яны хутка выраслі – любіць Іосіфаўна кветкі, а яны адказваюць узаемнасцю – і ўжо буяюць усюды. Дзякуючы ёй кветкі абжыліся не толькі ў кабінетах – усе падаконнікі ў актавай зале завода таксама застаўлены імі. А дома ў кветніку самыя паважаныя ў яе – лілеі.
Хтосьці запярэчыць, маўляў, што гэта за важная праца – за парадкам сачыць? Не скажыце. Для любой сферы дзейнасці важна, як чалавек ставіцца да сваіх абавязкаў – з душою ці наадварот. І не маюць значэння яго пасада і статус. Прыклад гэтай сціплай і мілай жанчыны вучыць многаму. Цяпер, калі за плячыма амаль што трыццацівасьмігадовы працоўны стаж, Людміла Іосіфаўна лічыць – пара і на адпачынак. Што за гэтым словам – «пенсія» – ёй яшчэ невядома. Але занятак сабе па душы яна абавязкова знойдзе – просты і… незвычайны, як і сама жанчына.
Таццяна ШАРШНЁВА.
Фота аўтара



