Наш горад прыгожы – і гэта думка не толькі саміх віляйчан. Пра чысціню, дагледжанасць гарадка даводзілася неаднаразова чуць ад людзей прыезджых. І такім гонарам за сваіх землякоў, працавітых і гаспадарлівых, перапаўняецца сэрца! А такіх у нас вельмі многа. Праходзячы вілейскімі вуліцамі, міжволі любуешся дагледжанымі сядзібамі, расквечанымі рознакаляровымі кветкамі. Клумбы, малыя архітэктурныя формы (часам дзіву даешся багатай людской фантазіі – з зусім простай, нават непатрэбнай рэчы могуць зрабіць сапраўдны шэдэўр), дэкаратыўныя агароджы, забаўныя скульптуркі… Здаецца, стаяў бы і любаваўся ўсёй гэтай прыгажосцю. І міжволі прыгадваю, як падчас рэйду па мікрараёне Воўкаўшчына мы пад’ехалі да сядзібы Лабецкіх па вуліцы Касмадзям’янскай. Справа была ў красавіку, а гэты двор радаваў вока сакавітымі фарбамі, якімі размаляваны цікавыя, не пабаюся гэтага слова, творы гаспадароў. Калодзеж, казачныя персанажы, клумбы – усё прадумана, ва ўсім – выдатны густ творцаў. І, безумоўна, працавітасць, гаспадарлівасць. Светлыя пачуцці ад такой прыгажосці не пакідаюць доўга-доўга.
На днях у рэдакцыю зайшоў начальнік ЖРЭУ-1 жыллёва-камунальнай гаспадаркі Сяргей Новаш.
– Давайце паглядзім, як некаторыя віляйчане клапоцяцца аб чысціні і парадку, – прапанаваў ён.
Па інтанацыі і ўзрушанасці Сяргея Аркадзьевіча зразумела, што размова пойдзе пра нешта непрыемнае.
Па дарозе да месца – а мы ішлі да дома №42 па вуліцы Кастрычніцкай – начальнік ЖРЭУ-1 расказваў пра клопаты камунальнікаў, пра навядзенне парадку ў горадзе і раёне.
– А тут – вось што…Паглядзіце, – Сяргей Аркадзьевіч паказаў уперад.
Прыгожы дом, пафарбаваныя балконы, дагледжаная тэрыторыя… І перад ім на фоне ўсёй прыгажосці, ля самай дарогі, дзе снуюць машыны, ходзяць людзі – рукатворная сметніца, вялізная куча рознай непатрэбшчыны. Тазы, каробкі, анучы, папера, нават валёнкі – усё гэта скінута побач з домам. Відаць па ўсім,нехта навёў парадак у кватэры, павычышчаў свае куткі і выкінуў пры дарозе. Маўляў, будзе мазоліць вочы – прыбяруць, нідзе не дзенецца тая ЖКГ… Ну не хапіла ў людзей часу ці сілы ўвесь гэты хлам аднесці хаця б да кантэйнера, які размяшчаецца непадалёку, ля бліжэйшага магазіна. Гэтак ж прасцей…
У людзей, якія падышлі да нас, пацікавіліся, чыё гэта «багацце», хто яго насіў.
– Бачыў, дзеці ўчора цягалі, – паведаміў мужчына, які жыве насупраць. І тут жа перайшоў да іншай тэмы – пра канаву, якую трэба засыпаць.
Яно зразумела, што парадак трэба наводзіць ва ўсім. І да канавы, упэўнена, справа дойдзе. Але ж хіба можна раўнадушна глядзець на тое, як на вачах у людным месцы расце сметніца? Няўжо нельга пацікавіцца, хто з дарослых кіруе дзеяннямі дзяцей, падказаць ім, калі яшчэ не ведаюць, што смецце выкідваецца ў кантэйнер?
– Парадак тут мы аператыўна навядзём, – сказаў па дарозе назад Сяргей Новаш, – не будзе ж у цэнтры горада такое. А гаспадароў гэтага «багацця», вядома ж, установім. Здзіўляе толькі, што нікому з жыльцоў дома не прыйшло ў галаву спыніць іх, зрабіць заўвагу.
Ёсць такая катэгорыя «чысцюляў» – вышкрабуць свае куткі, а смецце – іншым пад нос. Звычайна гэта робіцца цішком, каб ніхто не бачыў. А тут – у людзей на вачах. І сапраўды дзіўна, што нікому не прыйшло ў галаву элементарнае – пацікавіцца, чаму звальваецца смецце пры дарозе, хто і калі яго прыбярэ.
Ірына БУДЗЬКО. Фота аўтара
Кантрасты, або Смецце з хаты
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов


