Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Гісторыя ў архіўных радках: як 55 гадоў таму ў Вілейцы з’явілася вуліца Гагарына

Гэтай вясной адной з самых маладых вуліц Вілейкі – імя Гагарына – споўнілася 55 гадоў. Паўстагоддзя з паловай яднаюць нас з тым днём, калі імя першага касманаўта планеты назаўсёды ўвайшло ў штодзённае жыццё горада.

Мінула 65 гадоў з таго гістарычнага дня, калі 12 красавіка 1961 года чалавецтва зрабіла свой першы крок у космас. Юрый Гагарын стаў сімвалам цэлай эпохі, вобразам мужнасці, навукі і мары. Але як адгукнулася на гэтую падзею невялікая Вілейка? Адказ на пытанне захоўваецца ў фондах Зональнага дзяржаўнага архіва ў г. Маладзечна.

Рашэнне, зацверджанае часам

Пасля палёту Гагарына па ўсёй краіне пракацілася хваля перайменаванняў. Вуліцы, плошчы, школы атрымлівалі імя героя – як знак удзячнасці і гонару. Вілейка не стала выключэннем.

У архіўным пратаколе выканкама гарсавета дэпутатаў чытаем: «Прысвоіць праектуемай вуліцы, якая праходзіць у раёне новай забудовы паралельна гарадскому прафесійна-тэхнічнаму вучылішчу №48 і жылому дому гаркамгаса, імя вуліцы Гагарына». Гэты сухі, на першы погляд,  архіўны запіс – сведчанне жывых эмоцый і шчырага парыву гараджан захаваць памяць пра вялікую падзею ў штодзённым жыцці роднага горада.

Ад мары да рэальнасці

Але назва – гэта толькі пачатак. Каб вуліца ажыла, патрэбны дамы, людзі, інфраструктура. У архіве захаваўся малюнак мастака В. Лукшы 1973 года з подпісам: «Вілейка будуецца. Вуліца Гагарына». На гэтым малюнку – яшчэ не ўвасобленая мара: планы, перспектывы.

Ужо праз два гады мара стала рэальнасцю. У 1975 годзе быў прыняты ў эксплуатацыю пяцідзесяцікватэрны жылы дом – адзін з першых вялікіх дамоў на вуліцы Гагарына. За ім рушылі ўслед іншыя. А ў 1978 годзе быў уведзены ў эксплуатацыю цэлы комплекс: прафесійнае вучылішча на 480 месцаў, пазней – дзіцячы сад-яслі. Гэта ўжо не проста будынкі – гэта інфраструктура, якая ўдыхнула жыццё ў новую у гарадскую артэрыю. Тут сталі гучаць дзіцячыя галасы, тут атрымлівалі першыя прафесіі маладыя вілейчане, тут фарміравалася новая супольнасць жыхароў.

 Космас працягваецца

Сёння, калі Беларусь развівае ўласныя касмічныя тэхналогіі, імя Гагарына гучыць па-новаму. Наша краіна ўпэўнена крочыць у касмічную эру: на арбіце працуюць беларускія спадарожнікі, а ў 2024 годзе Марына Васілеўская стала першай жанчынай-касманаўтам суверэннай Беларусі.

Вуліца Гагарына сёння – гэта не проста адрас на карце горада. Гэта сімвал неразрыўнай сувязі паміж эпохамі: ад гістарычнага «Паехалі!» Гагарына да сучасных дасягненняў беларускай касманаўтыкі. Беларусь у космасе – гэта ўжо не мара, гэта рэальнасць. І пачынаецца яна з малога: з памяці пра герояў мінулага, з павагі да гісторыі, з любові да роднага краю.

Iна Пудакевiч, дырэктар архiва / Фота з архіўных фондаў Зональнага дзяржаўнага архіва ў г. Маладзечна

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 189 queries