26 сакавіка на базе сярэдняй школы №3 імя В. Л. Сасонкі адбылося абласное пасяджэнне вучэбна-метадычнага аб’яднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры. Школа вітала прадстаўнікоў 22 раёнаў Мінскай вобласці і горада Жодзіна.
Праграма пачалася ў класе-музеі Івана Іосіфавіча Лашуткі, дзе дачка паэта Лілія Твярдоўская з любоўю і пяшчотай правяла экскурсію, у ходзе якой гучалі вершы Івана Іосіфавіча, песні на яго словы, прысвечаныя Вілейшчыне і любімай сям’і. Дапамагалі ў правядзенні вучні 4-ых і 11-ых класаў.

Затым пасяджэнне працягнулася ў кабінеце беларускай мовы і літаратуры, дзе перад настаўнікамі Мінскай вобласці выступоўцы прадставілі свой вопыт у розных накірунках дзейнасці. Алена Чумак, метадыст МАІРА, выступіла з прывітальным словам і агучыла вынікі работы і планы на далейшую дзейнасць настаўнікаў Мінскай вобласці; аўтар гэтых радкоў паведаміла пра дзейнасць абласнога рэсурснага цэнтра, кіраўніком якога з’яўляецца, асаблівую ўвагу звярнуўшы на падрыхтоўку вучняў да алімпіяды і прадметны тыдзень беларускай мовы і літаратуры; Таццяна Матусевіч, настаўнік беларускай мовы і літаратуры гімназіі №2, падзялілася вопытам па падрыхтоўцы да конкурсу «Настаўнік года».

Кульмінацыяй мерапрыемства стаў майстар-клас «Смак роднай мовы» (метадычнае кафэ), які на высокім узроўні правяла Алена Знак, лаўрэат абласнога этапу конкурсу «Настаўнік года-2026». Закончылася мерапрыемства абрадам Гукання вясны, які правяла Вольга Шляпо, дырэктар краязнаўчага музея, разам з вучнямі школы.

Настаўнікі паехалі ў свае гарады з новымі ідэямі, вопытам, які яны будуць выкарыстоўваць у сваёй далейшай дзейнасці.
Таццяна БРУЕВА, настаўнік беларускай мовы і літаратуры/ Фота прадстаўлена аўтарам








