Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Чароўны свет выцінанкі: у вілейскай бібліятэцы гасцямі былі лаўрэаты прэміі Прэзідэнта

Нядаўна сцены Вілейскай бібліятэкі наведалі выкладчыкі Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. К. Агінскага — Людміла Валковіч-Борыс і Лізавета Чырвонцава. Гэтыя дзве таленавітыя жанчыны ў 2026 годзе былі ўдастоены прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва за адраджэнне, развіццё і папулярызацыю традыцый Маладзечанскай школы выцінанкі.

Што ж такое выцінанка? Вам можа здацца гэта слова незнаёмым, але, будзьце ўпэўнены, кожны з вас, напэўна, мае ўяўленне пра яго значэнне. Давайце акунёмся ў халодныя снежаньскія дзянькі свайго дзяцінства, уявім школьны клас. Уявілі? Зірніце на вокны. Гэтыя муд­рагелістыя папяровыя сняжынкі якраз і можна назваць вельмі спрошчанай версіяй выцінанкі, аднак яна можа мець куды больш складаныя і маштабныя формы.

Выцінанка — старажытны від мастацтва. Узнікла яна прыблізна ў II стагоддзі н. э. у Старажытным Кітаі, а затым паступова распаўсюдзілася па ўсім свеце. На тэрыторыі Беларусі з выцінанкай пазнаёміліся ў XVI стагоддзі, хоць даволі працяглы час дазволіць сабе такое ўпрыгожанне мог далёка не кожны. Сапраўднага росквіту мастацтва выразання з паперы дасягнула ў XIX — пачатку XX стагоддзя. Сёння выцінанка перажывае этап адраджэння дзякуючы такім майстрам, як вышэйзгаданыя выкладчыкі. А ў снежні 2024 года выцінанку ЮНЕСКА ўключыла ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.

Людміла Мікалаеўна, якая цяпер узначальвае цыклавую камісію дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Маладзечанскага каледжа, праяўляла цікавасць да выразання з паперы яшчэ з дзяцінства. Лізавета Львоўна пераняла любоў да выцінанкі ад сваёй маці — Вікторыі Чырвонцавай, якая стаяла ля вытокаў Маладзечанскай школы выцінанкі. Сёння абедзве жанчыны не толькі актыўна займаюцца гэтым мастацтвам, але і дзеляцца сваім захапленнем, майстэрствам і ведамі з маладым пакаленнем. Яны прапануюць далучыцца да такога цікавага занятку або ў цэлым стаць часткай свету мастацтва. У музычным каледжы ёсць наступныя спецыяльнасці, якія могуць гэтаму паспрыяць: дэкаратыўна-прыкладное мастацт­ва, мастацкая апрацоўка дрэва, мастацкія вырабы з саломы, лёну і паперы.

Студэнты каледжа таксама наведалі Вілейку разам са сваімі выкладчыкамі — і не з пустымі рукамі. Па 27 красавіка на другім паверсе бібліятэкі можна атрымаць асалоду ад выставы студэнцкіх работ 1-2 курсаў.

Акрамя таго, у ходзе мерапрыемства студэнты прадэманстравалі свае навыкі выразання з паперы. Гледзячы на працэс, можна пераканацца, наколькі гэта няпростая, карпатлівая і патрабуючая велізарнага цярпення і акуратнасці праца. Але яно таго варта!

Лізавета ВАСІЛЕВІЧ/ Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 189 queries