Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Ірына Ардзяка з Іжы Вілейскага раёна – працаўніца, мнагадзетная матуля, актывістка

«Жанчына і будучыня вёскі». Рэспубліканскі форум пад такой назвай прайшоў ў сталіцы. У яго рабоце ўдзельнічалі дастойныя жанчыны з усіх куточкаў краіны. Вілейшчыну на ім прадстаўляла мнагадзетная маці з Іжы Ірына Ардзяка.

Усё жыццё Ірыны Казіміраўны звязана з вёскай. Нара­дзілася і расла на Ільяншчыне, выйшла замуж і жыве ў Іжы. І прафесію ў свой час выбрала аграрную, паступіўшы вучыцца ў тагачасны дзяржаўны сельскагаспадарчы тэхнікум на заатэхніка. Атрымала дыплом, гады два папрацавала па спецыяльнасці, выйшла замуж, нарадзіла першую дачушку…

Мацярынскія клопаты лёгкімі не назавеш. Бяссонныя ночы, дні без адпачынку – для маладой матулі гэта ўсё звыклае. Выгадаваць дзіцятка нялёгка. А калі яно не адно, а пяцёра, як у сям’і Ардзякаў? На гэта Ірына Казіміраўна толькі ўсміхаецца і заўважае, што для іх з мужам Юрыем кожнае дзіця  – вялікая радасць, іх гонар і адказнасць. Вось і цяпер радуецца сэрца за старэйшую дачку – трэцякурніцу Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, якая выбрала сваю жыццё­вую дарогу. Сёлета заканчвае школу і сын, якому таксама трэба будзе вызначыцца з будучай прафесіяй. У шостым і трэцім класах вучацца яшчэ дзве дачушкі, а самы малодшанькі пакуль што ў дзіцячым садку. Два гады назад Ірына Казіміраўна атрымала найвышэйшую жаночую ўзнагароду  – Ордэн маці, якім вельмі даражыць.

Паспець усюды – такі прынцып мнагадзетнай маці. І яна паспявае. Працуючы культарганізатарам у філіяле «Іжскі сельскі клуб-бібліятэка», вялікую ўвагу ўдзяляе рабоце з дзецьмі. Клуб выхаднога дня «Класная кампанія» і харэаграфічны гурток «Сузор’е» – гэта тыя фарміраванні, у дзейнасці якіх Ірына Казіміраўна раскрываецца і як педагог, і як нераўнадушная жанчына, і як маці, бо гурткі наведваюць і яе дзеткі. Ды не гэта галоўнае: чужых дзяцей, як правільна адзначаецца, не бывае. Гутаркі, трэнінгі, гульні, конкурсы, экскурсіі і іншыя формы арганізацыі творчага працэсу выкарыстоўвае культарганізатар. І ўсё ў яе атрымліваецца, бо свой прафесіянальны ўзровень Ірына Казіміраўна пастаянна павышае  – жанчына завочна заканчвае вучобу ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, займаецца і самаадукацыяй.

Наша гераіня – жанчына з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, таму менавіта ёй жыхары Іжы даверылі быць сельскім старастам. Пытанні, якія ўзнікаюць у аднавяскоўцаў, нярэдка спачатку адрасуюцца ёй, а затым паспяхова вырашаюцца, бо стараста пастаянна на сувязі са старшынёй сельвыканкама.

Працаўніца, мнагадзетная матуля, актывістка – усё гэта пра гераіню публікацыі. Здзіўляе нават, што з усім жанчына спраўляецца, знаходзячы яшчэ час і на свае хобі – шыццё, кулінарыю, развядзенне пакаёвых кветак. Такая яна, Ірына Ар­дзяка, адна з тых жанчын, за якімі будучыня.

Ірына БУДЗЬКО/Фота прадастаўлена гераіняй публікацыі

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 190 queries