Народную мудрасць «дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся» жывёлавод фермы «Юнцавічы» адкрытага акцыянернага таварыства «Новая Вілія» Віталь Фядзюшкін пацвярджае напалову.

Так, у свой час кожны з іх працавітай сям’і, якая жыла ў Казахстане, знайшоў прымяненне сваім сілам і ведам на той зямлі. З дзяцінства прывучаныя да працы, дзеці Фядзюшкіных не шукалі лёгкага хлеба, а сумленна шчыравалі ў сельскай гаспадарцы.
– Да пераезду сюды, на Вілейшчыну, я папрацаваў і на ферме, і трактарыстам, – прыгадаў сваю казахстанскую маладосць Віталь Іванавіч. – А затым мы вырашылі пераехаць у Беларусь. Гэта быў 2001 год.
У той час нямала жыхароў Казахстана памяняла сваё месца жыхарства на Беларусь. Ехалі сюды, каб жыць спакойна і бяспечна, мець работу, быць упэўненымі ў заўтрашнім дні. Ды і парадак, чысціня, прыгажосць беларускіх гарадоў і вёсак прыцягвалі. А яшчэ – добразычлівыя людзі, якія заўсёды дапамогуць, прымуць у сваю вялікую сям’ю сумленнага і працавітага чалавека. Перад пераездам Фядзюшкіны не раз бывалі ў Беларусі, дзе жыў іх сваяк, таму ўжо добра ведалі, куды пераязджаюць. Пасля пошукаў месца жыхарства спыніліся на Мацькаўцах – вельмі спадабаліся гэтыя мясціны. Тут жывуць і цяпер. У Казахстан, зазначыў мой суразмоўца, і не цягне, хіба што наведацца ў госці да сваякоў, а радзіма ўжо тут, на Вілейшчыне.
Некалькі першых гадоў на новым месцы Віталь Іванавіч працаваў механізатарам. Рабіў сваю справу старанна, сумленна, а ў глыбіні душы адчуваў нейкую незадаволенасць – яго заўсёды больш цягнула да жывёлы.
– Аднойчы сам пайшоў да кіраўніцтва і папрасіўся на ферму, – расказаў мужчына. – І мяне зразумелі, накіравалі жывёлаводам. Вось ужо два дзясяткі гадоў працую на ферме і з кожным годам ўсё больш пераконваюся, што займаюся сваёй справай.
Кожную раніцу ў любое надвор’е на сваёй двухколавай тэхніцы (веласіпед для Віталя Іванавіча рэч незаменная) спяшаецца ён з Мацькаўцаў да юнцавіцкай фермы. Дабірацца няблізка, але і ў гэтым мужчына знаходзіць пазітыў. Зарадка з раніцы, зазначае, – карысць для арганізма. А яшчэ за дарогу паспее абдумаць вытворчыя справы, нешта спланаваць. Справы на ферме для мужчыны добра знаёмыя – напаіць, пачысціць, дагледзець жывёлу, падтрымліваць у належным парадку памяшканне. І ўсё гэта ён робіць па-гаспадарку, як на ўласным падвор’і. А як жа інакш: жывёле патрэбны клопат і догляд, на якія яна чуйна рэагуе.
Загаварылі пра вольны час. Яго, прызнаўся мужчына, нямнога. Так склалася, што жыве ён адзін, таму ўсе бытавыя пытанні вырашае сам. З дому на працу, з працы дамоў – жыве ў такім рэжыме. Калі ж іншы раз ёсць вольная хвілінка ўлетку, то любіць ён парыбачыць, пабыць на прыродзе. Гэта, зазначае, найлепшы адпачынак.
Напрыканцы мінулага года з’явілася ў Віталя Іванавіча нагода пабываць на мерапрыемстве, якое запомнілася, – у ліку перадавікоў жывёлагадоўлі раёна яго ўшаноўвалі на ўрачыстасці да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. Уражанні засталіся самыя светлыя.
– Спадабалася ўсё, – падзяліўся ён. – Людзям працы патрэбныя такія ўвага і ацэнка нашай сціплай працы. А якім цудоўным канцэртам парадавалі таленавітыя артысты! Што і казаць, для нас гэта было сапраўднае свята.
А яшчэ, падумалася, і дадатковы стымул, натхненне на далейшую плённую працу.
Ірына БУДЗЬКО







