Сцяпанаўна адзінай унучкай не магла нацешыцца. Вундэркіндам называла, не па гадах разумнай. Урэшце, у свой час і дачушку сваю лічыла прынцэсай. І прыгожая, і паслухмяная, і вучыцца добра. Вырасла дзяўчына, выйшла замуж, падарыла маці ўнучку. Малую бабуля з дзядулем поўнасцю ўзялі на сваё выхаванне, нават у садок не аддалі, калі прыйшла пара. Навошта, казалі, нам гэты садок, навошта здзеквацца з дзіцяці, няхай спіць колькі хоча,займаецца чым ёй зажадаецца… Вось і бавіла час унучка з дзедам і бабай.
Адно непакоіла Сцяпанаўну – ніяк не пачынала ўнучка гаварыць, далей «ням» ды «даць» справа пакуль не ішла. А так хацелася, каб хутчэй пачуць жаданае «мама», «баба». Пры кожнай сустрэчы толькі пра гэта занепакоеная жанчына і гаварыла.
І ўрэшце – добрая навіна. На маё пытанне пра малую, Сцяпанаўна радасна паведаміла:
– Загаварыла!
– Ну і што першае сказала? – пытаюся. – «Мама», «бабуля»?
– Ды не, – засмяялася Сцяпанаўна. – «Пася ты…» Гэта ўжо дзедава навука, навучыў дзіця адпраўляць туды, куды не трэба. Ды нічога, галоўнае, што загаварыла…
Ірына БУДЗЬКО
Загаварыла…
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ


