Яшчэ зусім нядаўна Святлана лічыла сябе шчаслівай. А чаму б і не, усё ў яе, здавалася, удалося: муж, з якім пражылі чвэрць стагоддзя, працавіты і гаспадарлівы, дзеці знайшлі сябе ў жыцці (старэйшая ўжо і замужам, падарыла ім унучыка), дом – поўная чаша, цэняць на працы. Чаго яшчэ жадаць? Яна лепшага і не жадала, проста жыла, шчыравала дома і на рабоце, старалася, каб бязбедна жылося і самім, і дзецям. Усе гэтыя гады Святлана была ўпэўнена, што і Мікалай жыве і працуе дзеля іх сумеснага заўтра. Жанчына ведала: ён – не толькі добры муж і бацька, але і найлепшы дарадца і сябра ёй і дзецям. А галоўнае – надзейны…
Навіна, што Мікалай мае маладую каханую, была для Святланы сапраўды громам сярод яснага неба. Чалавек, з якім пражылі дваццаць пяць гадоў, якому давярала як сабе самой, мог ёй здрадзіць? Калі? З кім? І ці можа такое быць? Невядомая жанчына на другім канцы тэлефоннага провада сцвярджала, што можа.
– А вы проста запытайцеся ў яго пра Зойку, – параіла незнаёмка. – Самі ўсё ўбачыце.
Адно толькі гэтае імя – Зойка – так перамяніла Мікалая ў твары, што жанчына зразумела: усё, што ёй расказалі па тэлефоне, чыстая праўда. А пасля ён сам пачаў гаварыць ёй пра тое, што ўжо доўгі час не давала спакойна жыць…
З Зойкай, маладой, вострай на язык, ён пазнаёміўся на заводзе – жанчына ўладкавалася працаваць у іх брыгаду. Спачатку Мікалай нават і не думаў звяртаць на яе ўвагу, розніца ва ўзросце ў трынаццаць гадоў ды вясёла-задзірысты характар Зойкі былі, на яго думку, дыстанцыяй, з-за якой у іх ніколі не будзе агульнай мовы. Але аднойчы пасля другой змены Зойка папрасіла яго дапамагчы разабрацца з дзвярыма, якія сын-першакласнік неяк няўмела зачыніў. Сам шкоднік на начлег збег да бабулі, а маме што рабіць? Вось і папрасіла памагатага…
З таго часу і пачалося. Сустракаліся закаханыя ў Зойкі, часцей за ўсё зварочвалі да яе пасля другой змены. Хутка маладзіцы надакучыла красці сваё шчасце, хавацца ад людзей і яна стала патрабаваць ад Мікалая канкрэтнага – разводу з жонкай, раздзелу маёмасці. Той доўга вагаўся, а не так даўно Зойка паведаміла, што расказала ўсё Святлане сама. І гэта стала штуршком для дзеянняў.
– Ён сабраў чамаданчык і пайшоў, – голас Святланы дрыжыць. – Спачатку я не магла паверыць у тое, што Мікалая побач няма. Плакала, перажывала, схуднела вунь як… Ды каб дзе ў іншым горадзе ён жыў, дык было б лягчэй. А тут жа – усё на вачах. Толькі і расказваюць знаёмыя: то там яго бачылі, то там з маладзіцай сваёй расхаджвае. Але, кажуць, пастарэў, пастрашнеў у яе… Не мёд, мусіць, з новай жонкай.
Прайшоў месяц, поўны трывогі, незразумеласці, недасказанасці. Святлана парывалася рабіць нешта канкрэтнае: то наважвалася пайсці і падаць на развод, а пасля перадумвала, маўляў, яму ж трэба ствараць новую сям’ю, няхай і разбіраецца са старой; думала нават сустрэцца з маладой саперніцай, але так і не знайшла на гэта сілы. Вырашыла проста чакаць. Днём, як і раней, працавала, усюды стараючыся паспець і нікому не паказваючы слёзы, а ноччу не смагла заснуць, пракручвала ў памяці ўсё іх сумеснае жыццё і задавала сабе пытанне: чаму так здарылася? І не знаходзіла адказу. Толькі недзе ў куточку душы жыло спадзяванне, што не можа так быць у іх жыцці, не павінны яны стаць чужымі. У іх было вялікае каханне, а тое, што здарылася цяпер – недарэчнасць, памылка…
Быў выхадны дзень. Да Святланы прыехалі дзеці, прывезлі ўнучыка Кольку. Для бабулі ён – бальзам на сэрца. Яна бавілася з малым, забаўляла яго, калі ў дзверы пазванілі. А пасля ў пакой зазірнула дачка:
– Мама, у нас госць – бацька прыйшоў.
Святлана разгубілася.
– Адзін? – вырвалася ў яе.
Дачка кіўнула і выйшла. А на парог ступіў ён, Мікалай. Адзін, са сваім чамаданчыкам.
Ірына БУДЗЬКО
Адзін і з чамаданчыкам
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ


