Гэтае паштовае запрашэнне на вяселле пляменніка абудзіла ў душы Кацярыны патаемныя пачуцці, якія, здавалася ёй, даўным-даўно памерлі. А вось жа атрымліваецца, што проста драмалі недзе ў куточку яе душы…
Са сваёй стрыечнай сястрой Галяй яны былі блізкімі сяброўкамі. З дзяцінства бацькі прывозілі дзяўчынак на канікулы ў вёску, дзе было так весела! Тут пад уплывам мудрай бабулі-майстрыхі нараджалася ў абедзвюх цяга да рукадзелля; тут дзяўчынкі навучыліся цаніць працу і любіць свет вакол сябе; тут, у вёсцы, кожную з іх чакала першае каханне, чыстае і трапяткое…
На той час дзяўчаты ўжо заканчвалі базавую школу і перад экзаменамі прыехалі да бабулі – тут, на прыродзе, меркавалі лепш падрыхтавацца і адначасова адпачыць. Цяпер, праз столькі часу, Кацярына ўжо і не памятае, як здаваліся тыя экзамены. Хутчэй за ўсё, на выдатна, бо і яна, і сястра былі стараннымі вучаніцамі. А вось тую сустрэчу ў вясковым клубе памятае да драбніц… У той вечар яны з Галяй пазнаёміліся з прыгожымі хлопцамі з суседняй вёскі. Абодва толькі што вярнуліся з арміі, яшчэ нават не паспелі пераапрануцца ў цывільнае, так і прыйшлі, як кажуць, па форме – высокія, падцягнутыя. Эдзік і Гена – так звалі ўчарашніх салдацікаў – у той вечар праводзілі дзяўчат дадому, расказвалі ім нешта вясёлае, успаміналі службу. Кацярына памятае, што іх вясёлую і даволі шумную чацвёрку, якая сядзела на лавачцы ля хаты, разагнала бабуля. Звычайна лагодная і спагадлівая, тады яна падалася дзяўчатам да крыўднага неразборлівай і злой. Так нязвыкла было чуць ад яе гэтае «дамоў, малышня» – гэта да іх з сястрой, а пасля – да кавалераў: «А вы, ваякі, шукайце сабе дарослых дзяўчат, а не дзяцей…» Прасаромленыя і пакрыўджаныя, сёстры тады шмыганулі ў хату і доўга не маглі прыйсці ў сябе. Толькі цяпер, ужо маючы дарослую дачку, Кацярына разумее сваю мудрую бабулю… Як бы там ні было, а іх сустрэчы з новымі знаёмымі працягваліся. Пазней, калі прыйшоў час ехаць у горад на вучобу, перапісваліся. Кацярына доўга захоўвала тыя лісты ад Эдзіка, у якіх столькі цеплыні і кахання да яе! «Я ўжо нават уяўляю, як мы з табой хораша будзем жыць, – пісаў хлопец. – Ты – адзіная мая, самая каханая на ўсё жыццё. Абяцаю, што ніколі не пакрыўджу цябе…» Так думалася Эдзіку, Кацярына згаджалася з ім і ўжо таксама ўяўляла ў думках іх сумеснае заўтра: утульная кватэра, яна завіхаецца на кухні, Эдзік забаўляецца з іх дзіцяткам…
Жыццё ж распарадзілася па-свойму. Так атрымалася, што Кацярына не змагла быць на вяселлі Галі і Гены – яна якраз здавала экзамены ў інстытут. Эдзік гэтага не зразумеў і ўжо на вяселлі закруціў новы раман. Мусіць, ёй на злосць… Даведаўшыся пра здраду, дзяўчына вельмі пакрыўдзілася. У хуткім часе і ў яе з’явіўся новы малады чалавек. І жыццё пайшло па новым сцэнарыі… Ужо замужняй, Кацярына даведалася ад сястры, што і Эдзік ажаніўся. З той дзяўчынай, з якой пазнаёміўся на вяселлі іх агульных сяброў.
Прайшлі гады, вырасла і стала студэнткай дачка Кацярыны. Яна ў мамы адзіная, бо з мужам у жанчыны не склалася. Пасля разводу яна не была адна, знаходзіліся мужчыны, якія намякалі на нейкія адносіны, а то і прызнаваліся ў каханні. Здаралася, яна спрабавала завесці раман, аднак далей справа не дайшла, ні адна з рамантычных гісторый нічым сур’ёзным не закончылася.
І вось – запрашэнне на вяселле. Яго напісала Галя (хіба ж можна не пазнаць почырк стрыечнай сястры, ды яшчэ і лепшай сяброўкі юнацтва!). Жэніцца сын, вось і вырашылі сабраць усю радню. І пра яе, Кацярыну, не забыліся…
Вяселле ладзілі з размахам. У кафэ, куды былі запрошаны болей за сотню людзей, як кажуць, сталы ламаліся ад смачных страў. У натоўпе гасцей, зусім незнаёмых ёй, Кацярына пазнала некалькі далёкіх сваякоў, распыталася пра іх жыццё, расказала пра сябе. Яна ўжо сядзела за сталом, калі ў кафэ зайшоў Эдзік. Пазнала яго адразу і адчула, як шчокі пыхнулі чырванню. Змяніўся, памажнеў, скроні кранула сівізна. Цікава, ці пазнае яе? І чаму адзін? Мусіць, як і ў яе, не склалася жыццё… Старалася болей не глядзець у яго бок, каб не сустрэцца позіркам. Неўзабаве ён падышоў сам, крануў за плячо:
– Прывітанне, Каця. Пазнаеш? Колькі не бачыліся… Пастарэў? А ты – ніколечкі, усё такая ж прыгожая…
У той вечар яны гаварылі пра многае. Толькі пра галоўнае маўчалі – ні ён, ні яна не расказвалі пра сваіх жонку і мужа. Калі ж госці пачалі разыходзіцца, Эдзік прапанаваў:
– Дазволь правесці дадому, як некалі.
Яны ішлі ледзь асветленай рэдкімі ліхтарамі вуліцы, і Кацярыне здавалася, што і няма тых двух дзясяткаў гадоў, якія іх раздзялілі, што яны і не разлучаліся, яна і Эдзік… Толькі цяпер ён асмеліўся спытаць пра яе мужа, расказаў і пра жонку… Калі развітваліся, ён сказаў вельмі важнае:
– Мы не дзеці, Каця, і гуляць у гульні не будзем. Гэта невыпадкова, што мы зноў сустрэліся. Я вельмі чакаў гэтай сустрэчы… Ты цяпер адна, я… можна сказаць адзін…
– А жонка?– перабіла яго Кацярына.
– А што жонка? – ён крыху памаўчаў. – Яна што ёсць, што няма – усё па бальніцах ды па бальніцах. Доўга лячылася, вельмі хацела дзяцей, а вось не атрымалася. Цяпер, пасля сустрэчы з табой, думаю, што гэта да лепшага… А цяпер спіну лечыць, кажа, што ад нерваў скруціла… Розныя мы з ёй людзі, чужыя. Ды мы ўсё не пра тое, давай гаварыць пра нас. Ты падумай, Каця, усё ўзваж, а заўтра канчаткова вырашым. Не дзеці ж, і часу на доўгія размовы няма…
Да раніцы Кацярына так і не заснула. Успамінала юнацтва, сустрэчы з Эдзікам, зноў і зноў пракручвала ў галаве сказанае ім цяпер. Здавалася, ёй і не трэба доўга думаць, сэрца падказала, што гэта чалавек ёй дарагі. І яна ўжо хацела ўвечары даць згоду на яго прапанову. Пакуль не пачула пра жонку… Гэта невядомая жанчына, пра якую раней проста не хацелася ўзгадваць, падалася ёй такім няшчасным чалавекам. Кахае мужа, узаемнасці, відаць па ўсім, не адчувае, хацела мець дзіцятка, а не атрымалася. Бальніцы, бальніцы…
Раніцой Кацярына паднялася і, развітаўшыся толькі з роднымі, паехала. Колы цягніка, здаецца, выстуквалі радкі яе любімага верша: «Не встречайтесь с первой любовью…», і яна разумела, што зрабіла правільна.
Ірына БУДЗЬКО


