Вілейскі край шчодры на таленавітых, адданых сваёй справе людзей. Адна з іх Людміла Адамовіч. Абаяльная жанчына з мяккай сціплай усмешкай.
Па натуры сваёй яна – аптымістка, жыццялюб, нераўнадушная да ўсяго, што адбываецца навокал. Спалучае настаўніцкую працу з творчай дзейнасцю.
Людміла Іосіфаўна сёлета адзначае свой 50-гадовы юбілей. Да гэтай падзеі райбібліятэка выдала зборнік яе вершаў “Спавядальны ўспамін”.
Прэзентацыя паэтычнага зборніка прайшла ў Вілейскай сярэдняй школе №3. Адбылася яна дзякуючы супольным намаганням аўтара, педагога Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, і калектыву райбібліятэкі,яе аддзела абслугоўвання і інфармацыі.
Аўдыторыя падабралася цікаўная і неабыякавая да мастацкага слова.
На сваім творчым вечары Людміла Іосіфаўна чытала вершы: тыя, што друкаваліся раней і новыя.
Аднак мерапрыемства не абмежавалася толькі чытаннем. Людміла Іосіфаўна гутарку павярнула ў рэчышча шчырага спавядання. Прывяла цікавыя біяграфічныя тонкасці, за якімі хаваюцца таямніцы прызвання.
– Якое яно, шчасце? – разважала аўтар. – Маё шчасце ў дзецях. Я вельмі люблю пісаць вершы – і ў гэтым шчасце.
Кніга носіць і місіянерскі характар. Людміла Іосіфаўна – веруючы чалавек і ў сваёй кнізе вядзе размову пра Бога.
Сюрпрызам для слухачоў стала прысутнасць на сустрэчы іерэя Дзмітрыя з храма прападобнай Марыі Егіпецкай, які вёў размову з гасцямі як з добрымі сябрамі, на даверлівай ноце. Ён зазначыў, што кожны чалавек павінен імкнуцца да таго, каб дарыць некаму хай сабе і маленькую, але радасць жыцця.
Вялікія спадзяванні ўскладае Людміла Адамовіч на падрастаючае пакаленне, лічыць сваю творчасць для дзяцей важнай.
Парадавала аўтар цудоўным выкананнем сваіх песень.
Амаль дзве гадзіны гэтага свята прамільгнулі незаўважна.
Людміла ТОНКАВІЧ,
загадчыца аддзела абслугоўвання
і інфармацыі Вілейскай цэнтральнай раённай бібліятэкі





