Напярэдадні Дня інвалідаў тэма магчымасцяў кожнага ў грамадстве гучала неаднойчы, падкрэсліваючы важнае. Што для аднаго лёгка і незаўважна – для іншага недасягальная мара, вызначаная станам здароўя, абставінамі, урэшце, лёсам. Ты ідзеш па вуліцы без усялякіх перашкод па сваіх справах, не маючы патрэбы ў чужой падтрымцы – і гэта ўжо шчасце. А камусьці неабходна дапамога, каб проста падыхаць свежым паветрам.
Педагог раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Таццяна Баравая як ніхто іншы ведае пра тыя перашкоды, якія штодзень мужна переаадольваюць наведвальнікі іх ўстановы.

«Ідэя паказаць дзецям, як крута ім жывецца, як многа перад імі адкрыта магчымасцяў, узнікла гады тры таму, – узгадвае Таццяна Іванаўна. – Мой сын вучыўся ў шостым класе, і я прыйшла да іх на класную гадзіну, каб расказаць, што бывае і іншае жыццё, побач іншыя дзеці, якім значна цяжэй, і як класна, калі ў цябе ёсць здаровыя ручкі і ножкі, ты на многае здольны. А гора – гэта не пра тое, што табе забаранілі даўжэй пагуляць на вуліцы, а зусім пра іншае…» Гэта сустрэча адбылася ў гімназіі «Логас» якраз напярэдадні Дня інвалідаў, потым такая ж – па запрашэнні сярэдняй школы №5, у каледжы… І так ўсё пачалося.
На днях Таццяна Баравая па просьбе настаўнікаў наведала гімназію «Логас», дзе расказвала школьнікам пра дзейнасць цэнтра і тую вялікую работу, якую выконваюць яго спецыялісты, пра валанцёраў, з якімі нядаўна правялі акцыю «Ліхтарыкі дабра», і пра наведвальнікаў установы, праводзіла імерсіўныя практыкаванні з аўдыторыяй.
Што значыць абмежаваныя магчымасці? Чаму дзецям з інваліднасцю складаней выконваць звычайныя дзеянні? Таццяна Іванаўна прапанавала школьнікам шэраг заданняў. Яны збіралі канцылярскія скрэпкі ў зімніх пальчатках, спрабавалі прайсці па зададзеным маршруце з завязанымі вачыма… Гэта дапамагло лепш зразумець тых, хто жыве побач, каму патрэбны нашы ўвага і чуласць. Не лішнімі былі б такія сустрэчы і для дарослых на прадпрыемствах і ў арганізацыях, падкрэсліла спецыяліст – для гэтага дастаткова патэлефанаваць у цэнтр.
Таццяна ШАРШНЁВА/Фото прадастаўлена Таццянай БАРАВОЙ








