Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Шлях у прафесію: усё пачалося з «дзіцяці гандлю»

Людзі па-рознаму прыходзяць у прафесію: адны мараць пра яе з дзяцінства, другія – зусім выпадкова. Святлана Роўда, пра якую хочацца расказаць, працаваць у гандлі марыла з маленства.

– Ды што марыла – усё маё дзяцінства звязана з гэтай прафесіяй,  – усміхаецца Святлана Міхайлаўна.  – Мама з маладосці і да сямідзясяці гадоў была гандлёвым работнікам, а я вельмі часта бегала да яе на працу. Калегі матулі так і называлі мяне – «дзіця гандлю». Так што выбраць нейкую іншую прафесію я ніяк не магла, хоць мама, дарэчы, і адгаворвала. Атрымалася так, што я, вывучыўшыся на бухгалтара, усё роўна пайшла працаваць у магазін.

Жыхарамі аграгарадка Нарач бацькі Святланы Міхайлаўны сталі ў 1990-м годзе. Сюды яны пераехалі з дзеткамі з забруджанай радыяцыяй тэрыторыі. Выбралі прыгожы аграгарадок на Вілейшчыне і ніколькі не шкадуюць. Спачатку, канешне ж, цягнула на радзіму, дарослыя нават наважваліся вярнуцца, але з часам прывыклі да маляўнічых нарачанскіх мясцін і да спагадлівых мясцовых людзей. Прыжыліся і ніколечкі не шкадуюць.

Святлана тут знайшла і сваё вялікае каханне – Сяргея, мясцовага трактарыста. З ім разам ідуць па жыцці, выгадавалі дачку, якой ганарацца. Дзяўчына, праўда, не стала прадаўжаць дынастыю гандлё­вых работнікаў, а выбрала не менш паважаную прафесію педагога. І бацькі паважаюць яе выбар.

– Непрыкметна праляцеў час, аж не верыцца, што працую ў гандлі ўжо 27 гадоў, – дзеліцца Святлана Міхайлаўна. –Доўгі час была ў магазінах раённага спажывецкага таварыства, зараз – у прыватным. Урэшце, пакупнікам, думаю, няма розніцы, чыёй уласнасці магазін, галоўнае – каб у ім было ўсё, што людзям патрэбна. Вось мы і стараемся, каб было так. А калі чагосьці чалавек у нас пакуль не знайшоў, бяром заяўкі на гэтыя тавары і дастаўляем.

Сваім настаўнікам у прафесіі Святлана Міхайлаўна лічыць матулю, Надзею Уладзіміраўну Кадзетаву. Гэта дзякуючы ёй дачка стала прафесіяналам сваёй справы.

– Усё для людзей – галоўны мой прынцып у працы, – адзначае жанчына. – Гэта датычыць і асартыменту тавараў, і адносінаў да пакупнікоў. Я добра ведаю кожнага чалавека, нават густы кожнага. Стараюся любому ўдзяліць увагу, каб спытаць пра жыццё, нешта параіць, калі трэба, і падтрымаць. А як жа інакш? Гандлёвы работнік павінен быць яшчэ крышку і псіхолагам. Радасна, калі людзі выхо­дзяць з магазіна з пакупкамі і абавязкова ў добрым настроі.

На працу лячу як на крылах – у гэтым прызналася мая суразмоўца. Ды і ў водпуску, адзначыла яна, пачынае сумаваць без магазіна і пакупнікоў. Тут скажаш толькі адно: чалавек на сваім месцы. І гэта самае галоўнае.

Ірына БУДЗЬКО/Фота прадастаўлена Святланай РОЎДА 

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 185 queries