Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Палёт без пасадачнай паласы

– А вось гэтыя тканіны – ідэальныя для лёгкага касцюмчыка, – з веданнем справы паказала Ніна Кулак на некалькі ўзораў светлых матэрыялаў. – Лёгкія, практычныя – якраз на лета. І недарагія.
Толк ва ўсім, што датычыць пашыву і выбару тканіны, Ніна Аркадзьеўна ведае. Як-ніяк, каля сарака гадоў працуе ў бытавым абслугоўванні. Калі шчыра, дык пачуўшы гэта, я крыху засумнявалася і пацікавілася ў гэтай рухавай маладжавай жанчыны, у колькі гадоў яна пачынала працаваць. Як і звычайна бывае, адзначыла тая, пасля заканчэння вучылішча і па сёння. Цяпер Ніна Аркадзьеўна ўжо на пенсіі, аднак не жадаюць з ёй развітвацца ні начальства, ні яе кліенты.
– Ды на такіх спецыялістах і трымаецца бытавое абслугоўванне! – так характарызуе Ніну Кулак дырэктар Вілейскага РКБА Аляксандра Салава. – На працягу многіх гадоў Ніна Аркадзьеўна з’яўляецца прыёмшчыцай Лыцавіцкага комплекснага прыёмнага пункта. Акрамя таго, яна сумяшчае абавязкі па пашыву і рамонту швейных вырабаў. Дзякуючы яе ўменню працаваць з людзьмі, тут, у Лыцавічах, па-ранейшаму называюць нашу ўстанову Домам быту. Ведае Ніна Аркадзьеўна, чым жывуць людзі, што ім патрэбна і стараецца выконваць усе іх заяўкі. Маладому і сталаму, жывёлаводу і настаўніку – кожнаму яна параіць, падкажа, падбярэ неабходнае. Таму і давяраюць ёй людзі.
Ад такой высокай адзнакі сваёй працы Ніна Аркадзьеўна крышку сумелася. Ёй і не ўяўляецца, што можна адносіцца да сваіх абавязкаў іначай – раз ужо выбраў сабе справу па душы – рабі яе таксама з душой.
Так склалася, што ёй, ураджэнцы Гродзеншчыны, выпала жыць на Вілейшчыне – за хлопца з вёсачкі Ролічы яна выйшла ў свой час замуж. З таго часу, як кажуць, шмат вады ўцякло, даўно сталі самастойнымі, выйшлі замуж і парадавалі ўнукамі дочкі. Абедзве працуюць бухгалтарамі. Маміна навука – шыццё – для іх стала хіба што той нячастай неабходнасцю. У дачок свой выбар прафесій, адзначае Ніна Аркадзьеўна, які яны з мужам паважаюць. Галоўнае, каб ім праца прыносіла задавальненне, радавала.
– Гэта так важна, – прадаўжае тэму мая суразмоўца, – калі на працу ляціш як на крылах, калі без яе не ўяўляеш сябе.
Рамонт і пашыў швейных вырабаў, рамонт абутку і нават сумачак, пральныя паслугі, пракат, цырульнік у вызначаныя дні, рытуальныя прыналежнасці – усё гэта і іншае прапануе жыхарам Лыцавічаў і навакольных вёсак мясцовы КПП.
– У нас комплексны прыёмны пункт у адным будынку з клубам, поштай, бібліятэкай, – дзеліцца Ніна Аркадзьеўна. – Людзям гэта вельмі зручна, бо можна трапіць ва ўсе ўстановы і не хадзіць далёка, парабіць усе справы. А мне, ведаеце, весялей працуецца пад музыку, калі ідуць рэпетыцыі ў клубе…
І ўсміхнулася адкрыта і шчыра.
Ірына БУДЗЬКО.
На здымку: прыёмшчыца Лыцавіцкага КПП Ніна Кулак ведае толк у тканіне.
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 171 queries