Памятаеце, якія тры важныя справы трэба зрабіць у сваім жыцці сапраўднаму мужчыну? Так-так, пасадзіць дрэва, пабудаваць дом і выгадаваць сына. Гэтаму вучыць народная мудрасць. Сама фраза адлюстроўвае ідэю гарманічнага суіснавання паміж чалавекам, навакольным светам і сям’ёй. Наказ пра дрэва, дом і сына перадаецца з пакалення ў пакаленне, падкрэсліваючы важнасць трох важных аспектаў для мужчыны.
Пра гэта міжволі ўзгадала ў мінулыя выхадныя, калі прыехала на раённы кірмаш. Тут, праходзячы ля адной з палатак, убачыла маладога мужчыну з хлапчуком гадоў пяці, якія прыцэньваліся да пладовых дрэўцаў.
Забаўна было глядзець, як малы з сур’ёзным выглядам аглядаў яблынькі ды вішанькі, пытаўся ў бацькі, дзе яны разам пасадзяць дрэўцы і калі на іх вырастуць плады. Той цярпліва адказваў, тлумачыў. «А я сам пасаджу? І паліваць буду сам?» – дапытваўся малы. «Канешне, сам, – паабяцаў бацька. – Гэта ж будзе твая яблынька».
Вось і выканае, падумалася тады мне, гэты маленькі мужчынка адну з трох сваіх задач…
Кастрычнік – аптымальны час для пасадкі дрэў. Як садовых, так і дэкаратыўных. Якраз у гэты час – з 11 да 31 кастрычніка – праходзіць рэспубліканская акцыя «Дай лесу новае жыццё!», якая ахопіць усе рэгіёны краіны. Сёлета яна будзе прысвечана Году добраўпарадкавання.
Кампанія «Дай лесу новае жыццё!» праводзілася ўжо двойчы. Сімвалічна, што год назад першы этап акцыі адкрыў кіраўнік нашай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. За гэты час, як адзначылі ў Мінлясгасе, у важнай кампаніі прынялі ўдзел дзясяткі валанцёраў. Уяўляеце, колькі новых дрэў пасаджана іх нястомнымі рукамі!
11 кастрычніка ў Беларусі пройдзе і яшчэ адна маштабная акцыя – адзіны дзень азелянення, у час якой у населеных пунктах будуць высаджвацца дрэвы і кустарнікі, што ўпрыгожаць тэрыторыі, зробяць іх яшчэ больш камфортнымі для пражывання людзей. Не ў баку ад важнай справы будуць і віляйчане. У мікрараёне Паўночны ў гэты дзень будуць пасаджаны дрэўцы і кустарнікі. Усе жадаючыя запрашаюцца сабрацца ў суботу ў 9 гадзін у пачатку вуліцы Добрай Волі. З сабой трэба ўзяць рыдлёўкі, сяброў і блізкіх, а саджанцамі для пасадкі і пазітыўным настроем арганізатары забяспечаць. Галоўнае – прыйсці і разам папрацаваць.
Ірына БУДЗЬКО








