Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Усё пачынаецца з радзімы

На раённых «Дажынках» у Даўгінаве, дзе ўшаноўваліся перадавікі жніва, дынастыя Гакуцяў з адкрытага акцыянернага таварыства «Нарачанскія зоры» займала дастойнае месца.

Віктар Станіслававіч, галоўны інжынер гаспадаркі, быў прызнаны пераможцам раённага спаборніцтва сярод сваіх калег з іншых гаспадарак раёна. У ліку тых, каго адзначалі на свяце, быў і экіпаж маладога пакалення Гакуцяў  – сын Віктара Станіслававіча Віктар і пляменнік Андрэй. Дружным дуэтам працавалі стрыечныя браты ў час жніва на камбайне, выкарыстоўваючы кожную спрыяльную для ўборкі гадзіну мінулага няпростага для аграрыяў лета.

Старшым камбайнерам у гэтым экіпажы быў Віктар. Яно і зразумела, бо ён – вопытны механізатар, праца ў сельскай гаспадарцы – яго штодзённы клопат. Гадоў пятнаццаць шчыруе ён у мясцовай гаспадарцы, за гэты час папрацаваў і слесарам, і вадзіцелем аўтамабіля, і трактарыстам, і камбайнерам.

– Старшым камбайнерам сёлета быў упершыню,  – падзяліўся Віктар.  – А памочнікам у бацькі-камбайнера даво­дзілася быць нямала гадоў. Так што справу ведаю. Вось і цяпер заняты вельмі важнай задачай – уборкай кукурузы.

Сёлетняе жніво было няпростым, вельмі ўжо выпрабоўвала аграрыяў надвор’е. Адзначыўшы гэта, Віктар не прамінуў сказаць, што іх экіпаж быў і застаецца «на адной хвалі», яны з братам разумеюць адзін аднаго з паўслова, таму і з задачамі, што стаялі перад імі, справіліся.

Своеасаблівым дэбютам у якасці камбайнера стала сёлетняе жніво і для Андрэя Гакуця. Настаўнік пачатковых класаў, ён каля двух дзясяткаў гадоў падчас сваіх водпускаў дапамагаў мясцовай гаспадарцы  – працаваў на трактары. Пра клопаты механізатараў ведае не з чыіхсьці слоў – яго бацька ўсё жыццё адпрацаваў трактарыстам. Некалі, яшчэ у пачатку двухтысячных, Андрэй ужо спрабаваў свае сілы ў якасці памочніка камбайнера на ўборачнай, але было гэта ўжо даўно. І вось – новыя ўражанні, новыя дасягненні.

– Працавалася добра, – зазначыў ён. – Мы з братам стараліся. Так што мой чарговы водпуск традыцыйна стаў насычаным і карысным. А з верасня вярнуўся да сваёй працы – сёлета ў мяне першы клас.

Міжволі падумалася, наколькі пашанцавала тым хлопчыкам і дзяўчынкам з першым настаўнікам Андрэем Часлававічам, які для малых – сапраўдны прыклад не толькі ў вучобе, але і ў працы, у адносінах да лю­дзей, сваёй малой радзімы і ўвогуле да жыцця.

Віктара і Андрэя Гакуцяў звязваюць не толькі сваяцт­ва, аднолькавае стаўленне да даручанай справы і жыццёвых каштоўнасцяў. Абодва маюць дружныя сем’і, абодва гадуюць па двое сыночкаў. Упэўнена, што і новае пакаленне стане дастойным прадаўжэннем працавітай дынастыі Гакуцяў. А яшчэ ўсіх іх, працавітых Гакуцяў, аб’ядноўвае любоў да сваёй малой радзімы, з якой усё і пачынаецца.

Ірына БУДЗЬКО/Фота Таццяны ШАРШНЁВАЙ, прадастаўлена Андрэем ГАКУЦЕМ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 186 queries