Падвор’е Галіны Фамінічны Гамолка з Рэдзькавічаў, якой на днях споўнілася сто гадоў, адметнае – яно літаральна патанае ў рознакаляровых кветках. Тут прыгожа і зараз, калі восеньскае надвор’е ўжо зрабіла сваю справу. Можна толькі ўявіць, якая прыгажосць тут улетку! І ўсё гэта хараство створана рукамі дачок юбіляршы, якія даглядаюць бабулю.

За плячыма Галіны Фамінічны доўгае і нялёгкае жыццё. Ды і ці магло яно быць лёгкім у людзей яе пакалення, на долю якіх выпала перажыць голад, вайну, аднаўленне разбуранай ворагам гаспадаркі, нялёгкую працу. Вось і наша гераіня перажыла ўсё гэта, шмат гадоў адпрацавала даяркай у мясцовай гаспадарцы, нарадзіла і выгадавала чатырох дачок – Веру, Надзею, Любоў і Алу. Яны цяпер надзейная падтрымка старэнькай матулі ў яе паважаным узросце. Усе чатыры былі побач з Галінай Фамінічнай, калі павіншаваць яе з прыгожым юбілеем прыехалі людзі, якім у доме былі вельмі рады.

Ад такой увагі да яе бабуля крышачку расчулілася. Яно і зразумела, бо з падарункамі, кветкамі і цёплымі віншаваннямі прыехалі намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Людміла Сляпцова, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Марыя Круцько, намеснік дырэктара Вілейскага ТЦСАН Святлана Паўлава і загадчык аддзялення сацыяльнай надомнай дапамогі Данута Раманоўская, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Вольга Дзяруга і старшыня Вязынскага сельвыканкама Ігар Судніковіч. Кожны з іх шчыра і цёпла павіншаваў стогадовую юбіляршу, пажадаўшы ёй моцнага здароўя.

Нямала прыйшлося перажыць за свой век Галіне Фамінічне. І ўсё ж, нягледзячы ні на што, яе можна назваць шчаслівай, бо яе старасць атулена клопатам і любоўю блізкіх людзей.
Ірына БУДЗЬКО/Фота аўтара








