У Вязыншчыны – непаўторны, прыцягальны каларыт. І ствараецца ён не толькі блізкасцю вадасховішча і акаймляючых яго лясістых мясцін. Свае карэктывы ў прыродны пейзаж уносяць людзі, па свайму разуменню ўладкоўваючы зямлю, пакідаючы на ёй глыбокі след добрых перамен. У нас, журналістаў, свае прывязанасці і сімпатыі. Люблю бываць у Вязыні, назіраць, як з ашчаднай беражлівасцю варушаць земляныя пласты плугі трактараў і свежы пах веснавога ворыва запаўняе паветра. Яшчэ халоднае, але ўжо ўзрушанае сонечнай пяшчотай. Люблю наладжваць дыялогі з корманарыхтоўшчыкамі ў час іх кароткіх абедзенных перапынкаў. І разам з кіраўніком філіяла Анатолем Ермаковічам, важкаючы на далонях каласы, прыкідваць урадлівасць вязынскай нівы. Па мінуламу году яна дала ўраджайнасць збожжавых трыццаць з паловаю цэнтнераў. Многа гэта ці так сабе? Усё пазнаецца ў параўнанні.
Анатоль Іосіфавіч, хутка будзе тры гады, як кіруе філіялам. Прыйшоў сюды ў маі, калі пасяўная ўжо завяршылася. Таму карэнным чынам паўплываць на ўраджайнасць ужо не было магчымасці. Вось і даў збожжавы гектар сваю прыродную ўрадлівасць – нямногім больш за чатырнаццаць цэнтнераў. Наступны год выразна акрэсліў, што патэнцыял гэтай зямлі зусім іншы. Пры належных да яе гаспадарскіх адносінах. Намалот з гектара склаў 24,7 цэнтнера. Леташні вынік даказаў, што пры захаванні належных тэхналогій у раслінаводстве бар’ер ураджайнасці можа набываць усё больш уражваючыя лічбавыя значэнні.
Вопыт кіраўніка – і жыцейскі, і працоўны мае немалаважную ролю ў выніковасці яго намаганняў. За плячыма ў Анатолія Іосіфавіча – вучоба ў беларускім агратэхнічным універсітэце. І затым – гады практычнай работы. На самых розных пасадах. Працаваў інжынерам у «Язнях». Узначальваў СВК «Абадоўцы», кіраваў прадпрыемствам меліярацыйных сістэм. Ды і ў Вязынь ён вярнуўся. Бо колькі часу быў і тут галоўным інжынерам. Прынялі яго, асабліва механізатарскі корпус, як свайго, а не чужынца, аднекуль занесенага спадарожным ветрам. Па-першае, людзі ўжо ацанілі Анатоля, як спецыяліста. Па-другое, бачылі, з якім жаданнем і настойлівасцю ён стаў наладжваць справы ў сельгаспрадпрыемстве.
З чаго вырашыў пачынаць? Мой суразмоўца не задумваецца над гэтым пытаннем. Нібы менавіта яго і чакаў. З жывёлагадоўлі: рэканструкцыі і прывядзення ў належны вытворча-бытавы парадак ферм. За тры гады капітальна адрамантаваны тры жывёлагадоўчыя памяшканні. Прычым, за свае грошы, гаспадарчым спосабам. На малочна-таварнай ферме ў Ясьманаўцах устанавілі тры малакаправоды, механізавалі поўнасцю гноеўдаленне, адрамантавалі бытавыя памяшканні – адным словам стварылі ўмовы, вартыя людзей, якія тут працуюць.
Вынік не прымусіў доўга сябе чакаць. Малочныя ручаі сталі бачна паглыбляць сваё рэчышча, прымаючы абрысы напоўненых рэк. Калі ў 2007-ым годзе ў філіяле даілі на карову 2700 літраў малака, то летась ужо – больш чатырох тысяч. А даяркі Марыя Сухая і Алена Мароз пераўзышлі пяцітысячны рубеж. Прычым, практычна ўсё атрыманае ў гаспадарцы малако прадаецца першым сортам.
У сельгасвытворчасці няма другарадных галін. Жывёлагадоўчая, напрыклад, – стварае той трывалы падмурак, на якім грунтуецца ўраджайнасць. Заняўшыся ўшчыльную арганікай, што традыцыйна дае добрую запраўку глебе, гаспадарка змагла значна павысіць патэнцыял урадлівасці зямлі.
– У філіяле – кампетэнтны галоўны аграном, – канстатуе Анатоль Ермаковіч. З яго ацэнкай не магу не пагадзіцца. А вось дадаць да яе некалькі штрыхоў будзе не лішнім. З Іосіфам Шакелем мы даўнія знаёмыя. Пра кампетэнтнасць яго лепш меркаваць спецыялісту. Хоць аддача збожжавага кліна таксама можа аб гэтым засведчыць. За знешняй сціпласцю і нешматмоўнасцю ў абліччы галоўнага спецыяліста хаваецца вельмі захоплены і нераўнадушны чалавек. Яго сялянскай прывязанасцю і любоўю агорнуты кожны кавалак вязынскай зямлі. Ён можа доўга расказваць пра новыя гатункі ячменю, якія зарэкамендавалі сябе на збожжавым кліне, пра агратэхніку і людзей, якія захоўваючы яе патрабаванні, дапамагаюць гэтай зямлі звінець поўным коласам, найлепшай падзякай за праяўлены клопат.
У філіяле не адчуваецца дыстанцыі паміж кіраўнікамі і радавымі працаўнікамі. Калі Анатоль Ермаковіч прыходзіць на машынны двор, да яго найперш звяртаюцца як да калегі і кампетэнтнага спецыяліста. Ён не любіць вакол сябе вакуум, да якога, бывае, імкнуцца, зарабляючы сабе ўяўны аўтарытэт, некаторыя кіраўнікі. Сапраўдны, як правіла, грунтуецца на ўзаемапавазе і даверы.
Філіял нарошчвае пагалоўе, ураджайнасць, плаціць людзям імі ж заробленыя грошы. У гэтым бачыцца і самадастатковасць кіраўніка, які за тры гады змог паставіць сельскагаспадарчую вытворчасць на трывалыя рэйкі эфектыўнасці.
Марыя КУЗАЎКІНА
Фота аўтара


