Ранняя восень багатая на фарбы, а на падворку Алены Бядрыцкай іх асабліва многа. І не толькі фарбаў, але і цікавых творчых знаходак у афармленні сваёй сядзібы. Разнастайнасць – праца рук гаспадароў, жыхароў вёсачкі Камары Асіпавіцкага сельсавета, руплівых, неабыякавых, якія паспяваюць у кожным куточку свайго падвор’я стварыць прыгажосць.

Акцэнтнымі дэталямі тут выступаюць парасоны ружовага, фіялетавага і блакітнага колераў, пад якімі «схаваліся» адмысловыя тэматычныя кампазіцыі са стракатымі кветкамі. Прыгажуні-вяргіні, хрызантэмы, тагецісы і пятуніі, разнастайныя дэкаратыўныя расліны ўдала суседнічаюць паміж сабой. Веласіпед з багатай гісторыяй таксама частка экспазіцыі: пафарбаваны ў жоўты колер, ён аздоблены кашпо з кветкамі. Кветкі расцвілі нават ў гумовых чырвоных боціках – так адна з творчых ідэй гаспадароў увасобілася ў жыццё. Аўтамабільныя шыны тут таксама – дэкор, аснова для кампазіцыі. Ёсць і сухі басейн для гіпсавага лебедзя.

Відаць, што ў гаспадароў да фігурак з гіпсу асаблівая сімпатыя – іх можна сустрэць у кожным куточку падвор’я, якое нельга пакінуць без увагі. Бо аздоблена тут усё з клопатам і душою – па-гаспадарску.
Таццяна ШАРШНЁВА. Фота прадастаўлена Ларысай СІВЕЦ











