У першы вераснёўскі дзень, традыцыйна багаты для кожнага настаўніка на важныя і цікавыя справы, намеснік начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Алена Саладуха і дырэктар гімназіі №2 Іна Крышкоўская знайшлі час, каб наведацца да вядомай на Вілейшчыне жанчыны – Антаніны Іванаўны Гарчаковай, малалетняга вязня, ветэрана педагагічнай працы, творчага чалавека, аўтара вершаваных і празаічных твораў.

Школа, урокі, вучні, настаўнікі… Пра гэта педагогі – сённяшнія і былыя – могуць размаўляць бясконца. Ды і ці бываюць яны былымі – людзі, што назаўсёды звязалі сваё жыццё са школай! Таму і цікава ім заўсёды, як працуюць і чым жывуць іх маладыя калегі, чым захапляюцца сённяшнія хлопчыкі і дзяўчынкі.
Вось і ў час гэтай сустрэчы тэмы для размоў былі. Былі і шчырыя, ад усяго сэрца, віншаванні знакамітай настаўніцы, падзяка ёй за працу. І ўспрымалася гэта надзвычайна хвалююча: настаўніцы – ад яе вучняў-паслядоўнікаў.
У час сустрэчы Антаніна Іванаўна таксама павіншавала калег і не пакінула іх без своеасаблівага падарунка: яна перадала Іне Крышкоўскай багаты асабісты архіў са сваімі творамі пра мінулае, перажытае ёй самой. І гэта будзе падарункам усёй гімназіі, усім, хто тут вучыцца і будзе вучыцца.
Ірына БУДЗЬКО/Фота прадастаўлена Інай КРЫШКОЎСКАЙ








