Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Хлебаробы на Вілейшчыне працуюць, выкарыстоўваючы кожную пагодлівую гадзіну

Выпрабаванне на прафесіяналізм і гаспадарлівасць. Так уборачную пару можна характарызаваць заўсёды. А сёлета – асабліва.

Беларускія аграрыі намалацілі амаль 8,3 мільёна тон збожжа разам з рапсам  – такой была жніўная статыстыка на 25 жніўня. Найбольшы ўклад у агульны каравай унесла сталічная вобласць, хлебаробамі якой на азначаную дату было намалочана больш за два мільёны тон зерня.

Нястомна працуюць на ўборцы ўраджаю і хлебаробы Вілейшчыны. Адна з гаспадарак – філіял «Бубны» УП «Мінгаз» – ужо закончыла ўбіраць збожжа. На палях іншых кіпіць работа. Нялёгкая, неадкладная, да сёмага поту.

Сёлетняе жніво праходзіць у складаных умовах – не вельмі спрыяе аграрыям надвор’е, вымушаючы іх перапыняць важную справу з-за працяглых дажджоў. З-за іх там-сям на палях нават стаіць вада, што ўскладняе правядзенне ўборачнай.

І ўсё ж, нягледзячы на ўсе складанасці, хлебаробы працуюць, выкарыстоўваючы кожную пагодлівую гадзіну. Павялічваецца колькасць камбайнераў і вадзіцеляў, якія зжалі і адвезлі тысячу тон збожжа. Ёсць сярод працуючых і двухтысячнікі. Усім ім, нястомным працаўнікам, нашы агульная падзяка і пашана.

Практычна штодня ў гаспадаркі раёна выязджаюць кіраўніцтва раёна, лідар галіновага прафсаюза, прадстаўнікі БРСМ, каб павіншаваць перадавых хлебаробаў. Вось і на днях першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Сяргей Зубель, старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Ірына Супрановіч і першы сакратар райкама БРСМ Дзіяна Камінская пабывалі ў гаспадарках раёна і павіншавалі аграрыяў з працоўнымі перамогамі.

У адкрытым акцыянерным таварыстве «Нарачанскія зоры» віншаванні і падарункі ад прафсаюза і БРСМ прымалі камбайнеры Аляксандр і Мікалай Гарэлікі, на рахунку якіх ужо дзве тысячы тон намалочанага збожжа, іх калегі з «Алай зары» Мікалай і Аляксей Мецікі, якія дапамагаюць гаспадарцы на жніве і намалацілі першую тысячу тон, а таксама вадзіцелі-тысячнікі Уладзімір Сцягненка і Алег Трубач.

Далей наш шлях ляжаў у адкрытае акцыянернае таварыства «Новая Любанія», каб павіншаваць з першай тысячай камбайнераў Дзмітрыя Селюна і Аляксандра Міскевіча, а таксама вадзіцеляў Мікалая Літвіновіча і Антона Сільвановіча.
З падзячнымі лістамі і падарункамі наведаліся і ў адкрытае акцыянернае таварыства «Чурлёны», дзе павіншавалі камбайнера Дзмітрыя Рогача і вадзіцеля Леаніда Янцэвіча, на рахунку якіх таксама па тысячы тон намалочанага і перавезенага збожжа.

Ірына БУДЗЬКО/Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 188 queries