Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Удзельнікі Дня Савета наведалі аграсядзібу “Вілейскія прасторы”, лавандавае поле і не толькі

экскурсіі ў аграсядзібу “Вілейскія прасторы”, на лавандавае поле ў Дуровічах.

Маршрут чарговага Дня Савета пралягаў па адным з самых маляўнічых куточкаў нашага раёна – Вязыншчыне. Сельсавет размяшчаецца на 263 квадратных кіламетрах, аб’яднаўшы 33 населеныя пункты, у якіх пражывае 1390 чалавек. Гэта статыстыка. А калі дадаць лірыкі, то нельга не адзначыць, што Вязыншчына надзвычайна прыгожая і прыцягальная, таму і набываюць тут гараджане ўчасткі, прапісваюцца і становяцца мясцовымі жыхарамі.

Многа цікавага пра мінуўшчыну сваёй малой радзімы расказаў падчас мерапрыемства старшыня Вязынскага сельвыканкама Ігар Судніковіч, ураджэнец гэтых мясцін. Для яго, бачна па ўсім, вельмі важна, якім будзе яго родны край. І пра яго мінуўшчыну, дарэчы, Ігар Міхайлавіч ведае вельмі многа, чым і дзяліўся з удзельнікамі выязнога мерапрыемства.

У свой час было трапна падмечана, што гэты прыгожы куток нашага раёна мае цікавы маршрут – своеасаблівае залатое кольца Вязыншчыны. Вось і мы падчас Дня Савета праехалі па ім. Рэдзькавічы, Кобузі, Ярмолічы… Добрыя дарогі, упарадкаваныя ўчасткі і пабудовы, дагледжаныя могільнікі – усё гэта сведчыць пра гаспадарлівасць мясцовых людзей і правільныя ўстаноўкі ад улады. Зроблена многае. Так і павінна быць, асабліва сёлета, у Год добраўпарадкавання.

Сур’ёзная работа праводзіцца сельвыканкамам па выкананні Указаў Прэзідэнта нашай краіны №116 і №87. Прадуктыўна працуюць на Вязыншчыне і з пустуючымі дамамі, і з не завершанымі будаўніцтвам жылымі дамамі і дачамі. Штогод ад продажу нерухомасці тут атрымліваюць каля 44 тысяч рублёў. Вось і сёлета ў мясцовы бюджэт паступіла ўжо палова гэтай сумы. Як адзначыў Ігар Судніковіч, кожны год у сельсавеце ўводзіцца ў эксплуатацыю прыкладна 13 жылых дамоў, а гэта значыць, што жыве Вязыншчына і развіваецца.

Толькі прыемныя ўражанні засталіся ад наведвання мясцовага лясніцтва Вілейскага лясгаса, Вязынскай урачэбнай амбулаторыі і Селішчанскага фельчарска-акушэрскага пункта, Селішчанскай пачатковай і Вязынскай сярэдняй школ. Адрамантаваныя і дагледжаныя ўстановы, куды прыемна зайсці і дзе працуюць не выпадковыя людзі, а тыя, хто робіць сваю справу з душой.

Асаблівае пачуццё ў гэтыя жнівеньскія дні засталося ад наведвання школ, якія ўжо гатовы прымаць сваіх юных выхаванцаў. У памяшканнях, светлых і адноўленых, яшчэ адчуваецца пах фарбы, а падлогі і сцены аж блішчаць у сонечных промнях. У Вязынскай школе сёлета з’явіцца новы камп’ютарны клас – гэта падарунак вучням ад кіраўніцтва раёна. Анатоль Завацкі, старшыня райвыканкама, некалі сам вучыўся ў гэтай школе, адсюль рабіў першыя крокі ў самастойнае жыццё.

Уразілі ўдзельнікаў мерапрыемства і экскурсіі ў аграсядзібу “Вілейскія прасторы” ў Ярмолічах і на лавандавае поле ў Дуровічах.

Гэтыя аб’екты – яшчэ адно пацвярджэнне таго, што прадпрымальным і нераўнадушным людзям, якія маюць мэту і ідуць да яе, многае пад сілу. Нават калі даводзіцца пачынаць з аднаго пустога сельскага дома. Галоўнае – каб мэта была жыцце-сцвярджальная, накіраваная на стварэнне нечага патрэбнага людзям і важнага для іх. У «Вілейскіх прасторах», як мы пераканаліся, ёсць усё неабходнае для актыўнага адпачынку, у тым ліку і сямейнага. Тут прапануецца нямала цікавага і адметнага і адна з такіх «разынак» – кіслародныя кактэйлі. Паспрабавалі іх і мы. Смачна і, галоўнае, карысна.

Пазней, трапіўшы на лавандавае поле, з цікавасцю слухалі гісторыю яго гаспадароў пра тое, як пачынаўся іх сямейны бізнес. Удыхалі ледзь улоўны водар, што вітае ў наваколлі, і адчувалі яго супакойваючы эфект. Такая вось яна, лаванда-чараўніца…
Толькі светлыя ўражанні засталіся і ад знаёмства з Селішчанскім сельскім клубам і Вязынскім сельскім Домам культуры, з таленавітымі людзьмі, што працуюць у гэтых установах. Іх штодзённая праца робіць жыццё вяскоўцаў весялейшым, радасна-святочным, а гэта вельмі важна.

Традыцыйнай справаздачай старшыні сельвыканкама Ігара Судніковіча, абменам меркаваннямі з калегамі, заўвагамі і прапановамі старшыні раённага Савета дэпутатаў Алены Чабатар закончылася выязное мерапрыемства, якое пакінула многа цёплых уражанняў.

Ірына БУДЗЬКО/Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 186 queries