Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Спяшаецца на вёску крама на колах… З 2007 года працуе ва­дзіцелем-прадаўцом аўтакрамы КУП «Садружнасць» Аляксей Атрошчык

Для жыхароў аддаленых вёсачак аўтакрама даўно стала звыклай з’явай. У пэўныя дні збіраюцца вяскоўцы разам у азначаным месцы і сустракаюць яе. Вадзіцелі і прадаўцы, што прыязджаюць з таварам, для сяльчан ужо як блізкія людзі. Яны не толькі прывязуць усё неабходнае, але і дадуць добрую параду, раскажуць пра тавары, прымуць заказ, калі гэта патрэбна, а калі вясковец нямоглы, дык і пакункі дапамогуць паднесці.

Пра такога чалавека – ва­дзіцеля-прадаўца аўтакрамы КУП «Садружнасць» Аляксея Атрошчыка – расказалі жыхары вёскі Добравічы Людвіноўскага сельсавета.


– Да прафесійнага свята работнікаў гандлю мы выказваем шчырую падзяку Аляксею за нялёгкую, але такую патрэбную людзям працу, за яго дабрыню, цярпенне, уважлівыя адносіны да людзей, – ад імя жыхароў вёскі расказала Валянціна Панарад. – З усмешкай, добрым настроем заўсёды абслугоўвае ён пакупнікоў і дзеліцца з імі пазітывам. У яго аўтакраме заўсёды ёсць неабходны людзям тавар. Віншуем Аляксея з прафесійным святам і жадаем яму моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту і поспехаў у працы!


Вадзіцелем-прадаўцом аўтакрамы Аляксей Атрошчык працуе з 2007 года. Пачынаў у раённым спажывецкім таварыстве, а з верасня мінулага года працуе ў «Садружнасці». Штодня старанны працаўнік абслугоўвае прыкладна пятнаццаць населеных пунк­таў, дзе яго заўсёды чакаюць удзячныя пакупнікі. Ці падабаецца яму гэта клопатная работа? «Каб не падабалася, не працаваў бы столькі гадоў», – зазначае на гэта Аляксей. І дадае: справа, якую робіць, вельмі патрэбна людзям. І гэта, напэўна, самае галоўнае.

Шматгадовая сумленная праца Аляксея Атрошчыка адзначаецца і пакупнікамі, і кіраўніцтвам. Вось і сёлета да прафесійнага свята Аляксей Атрошчык удастоены Падзякі старшыні раённага выканаўчага камітэта. Віншуем!

Ірына БУДЗЬКО. Фота прадастаўлена Валянцінай ПАНАРАД

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 184 queries