Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Мікола Кутас: напярэдадні жыццёвага і творчага юбілею

Імя і прозвішча Міколы Кутаса чытачам нашай газеты добра вядома, бо супрацоўнічаем мы ўжо больш за 50 год. На нашых старонках друкуюцца дасланыя Мікалаем Сямёнавічам празаічныя і вершаваныя матэрыялы. Большасць яго паэтычных твораў, перш чым трапіць у кнігі, змяшчалася ў нас, а сама газета «Шлях перамогі» заўсёды выпісвалася, чакалася і, канечне, чыталася Мікалаем Сямёнавічам.

У творчай скарбонцы паэта Міколы Кутаса наступныя зборнікі вершаў: «Гадзіннік на ратушы, «Перазвоны», «Размову з вераснем вяду», «Пацеркі зімы», «З-пад вясла на Віліі», «Кінем сум за плот». Сёлетні год для аўтара, які 1 жніўня адзначыць 80-ты дзень народзінаў, юбілейны. Да свайго свята, як прызнаўся Мікалай Сямёнавіч, ён падрыхтаваў падарунак – новы паэтычны зборнік пад назвай «Лістападнымі днямі».

Пра сакрэты творчых знаходак, жыццёвыя моманты, якія натхняюць душу на ўзлёт, сёння гутарым з Міколам Кутасам. Першае пытанне – як трапіў ён у Вілейскі раён.

– А вельмі проста трапіў, – адказвае суразмоўца з уласцівымі яму ноткамі гумару і звяртаецца да старонак біяграфіі: – У 1968 годзе скончыў Мінскі педінстытут. Было размеркаванне. Я быў выкліканы ў ліку першых, бо вучыўся вельмі паспяхова, мае вершы друкаваліся ўжо і ў «Настаўніцкай газеце», і ў «Чыр­вонай змене», і сам я быў рэдактарам факультэцкай газеты. Я папрасіў камісію даць мне накіраванне ў Вілейскі раён, бо там я праходзіў педагагічную практыку.

Мікола Кутас у студэнцтве, 1968г.

Крокі ў прафесію

Якімі былі яны ў Мікалая Сямёнавіча?
– Я паехаў на Вілейшчыну па прапанове свойго сябра Святаслава Клямячыца, а таксама Генадзя Каробчыца, з якімі жыў у студэнцкім інтэрнаце, – узгадвае Мікола Кутас. – Яны былі крыху старэйшыя за мяне, я ім давяраў, а ў Святаслава нават жыў дома ў Княгініне на канікулах пасля сесіі, бо сам я – сірата, і сябры мяне падтрымлівалі. Пазней Святаслаў Клямячыц быў дырэктарам сярэдняй школы ў Вілейцы, а Генадзь Каробчыц  – намеснікам старшыні Вілейскага райвыканкама. Час ад часу мы сустракаліся ў горадзе, весела было узгадваць студэнцкае жыццё. На жаль, сяброў маіх ужо няма…

Вяртаючыся ва ўспамінах да практыкі, Мікалай Сямёнавіч узгадвае, што быў накіраваны ў Сцешыцкую школу выкладаць беларускую мову і літаратуру, а таксама англійскую мову. Па нейкай прычыне там не было настаўніка, і малады педагог за чатыры месяцы вычытаў матэрыял за паўгода. У раскладзе ставілі па шэсць урокаў штодня. Малады настаўнік адказна ставіўся да працы, пісаў падрабязныя планы на кожны ўрок.

– Клемантовіч, дырэктар школы, гэта заўважаў, хваліў мяне і сказаў: «Як скончыш вучобу ў інстытуце – прыязджай, будзеш працаваць намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, – расказаў суразмоўца. – Я пагадзіўся. Мне было радасна і светла. Да таго ж у тую Сцешыцкую зіму – студзень-люты-сакавік  – мае вершы ўпершыню надрукавала раёнка «Шлях перамогі» нават з фотаздымкам, што мне, маладому спецыялісту-практыканту, дадало аўтарытэту, бо нават мясцовы калгас запрасіў аднойчы мяне адрэдагаваць тэкст для альбома працоўнай Славы, здаецца, так ён называўся. Я пазнаёміўся з тагачаснымі вілейскімі паэтамі  – Ганнай Новік, Уладзімірам Дубовікам, Барысам Манцэвічам, Уладзімірам Панковічам, Іванам Станкевічам. Вельмі ўдала апісаў літаратурнае жыццё Вілейшчыны краязнавец Сяргей Макарэвіч у сваёй кнізе «Край мой верасовы». Ён мне падарыў асобнік з надпісам «паэту-земляку», які я захоўваю ў сваёй бібліятэцы. У Сцешыцкай сярэдняй школе я зарабіў добрыя грошы. Скончыў інстытут, у мяне было на ашчаднай кніжцы 300 рублёў. Пашыў сабе ў мінскім атэлье касцюм і 15 жніўня 1968 года з’явіўся ў Вілейскі раённы аддзел адукацыі з накіраваннем на працу.

Суднікоўская школа. Выпуск 1969 г. У сярэднім радзе другі справа Мікола Кутас – дырэктар школы

З даведак, змешчаных у кнігах Міколы Кутаса, вядома, што накіравалі яго на працу ў Ільянскі сельскі Савет дырэктарам Суднікоўскай васьмігодкі. З райаддзела адукацыі яго спачатку накіравалі на гутарку ў райкам партыі, а там, адзначыўшы, што партыя давярае маладому спецыялісту і дае дабро на працу, прапанавалі пасаду дырэктара школы. Ён згадзіўся.
– Там, у Судніках, я стаў членам КПСС, вёў палітзаняткі з камуністамі мясцовай цэхавай партарганізацыі, выконваў і іншыя грамадскія даручэнні. Выбіраўся дэпутатам Вілейскага раённага Савета, быў сакратаром камісіі па адукацыі і культуры, – узгадвае Мікалай Сямёнавіч актыўнае грамадскае жыццё. – У 1977 годзе мяне выбралі сакратаром парткамітэта партыйнай арганізацыі Ільянскага саўгаса-тэхнікума. Спраў значна прыбавілася. У мяне была сям’я, падрастаў сын Генрых. Было не да вершаў, але невялікія замалёўкі з жыцця я ў раёнку дасылаў.

Мікола Кутас і загадчыца музея «Вілейшчына літаратурная» Роза Шэрая з вучнямі Ільянскай школы

Пра ўзрост і ўспаміны

Ці сняцца на восьмым дзясятку год падзеі дзяцінства?
Адказваючы на пытанне, Мікалай Сямёнавіч спачатку жартуе:
– Напэўна, хочаце сказаць «старое – як малое…». Безумоўна, гады маленства сняцца. Я рос сіратой, маці памерла, калі мне было крыху больш чым два гады. Хадзіў у Новавёскаўскую школу недалёка ад маіх родных Дзярэчынцаў на Стаўбцоўшчыне. Неяк быў ужо ў пятым класе і мне паставілі тры «двойкі». І зараз яны ў маёй памяці як нейкія скакуны з хвастамі побач з подпісамі настаўнікаў. Я начаваць дамоў не пайшоў, настолькі быў узрушаны. Начаваў у нейкім гумне, у сена зарыўшыся… Цяпер часта ўзгадваю гэты свой эпізод біяграфіі.

Сустрэча паэтаў у Ільянскай школе: Мікола Кутас і Іван Лашутка

Стаўшы настаўнікам, я ніколі не ставіў двоек сваім вучням, а кіраваўся правілам: школа не кантралюе, школа вучыць. Пасля неяк бацьку майму ўдалося ўладкаваць мяне ў Нясвіжскую школу-інтэрнат, прыкладна 15 кіламетраў ад Дзярэчынцаў. Там прайшлі лепшыя гады майго дзяцінства, я паступова ўзмужнеў, падцягнуўся. Хоць мянушку меў «Малы» і стаў адным з лепшых вучняў гэтай навучальнай установы. Помню свой верш-крытыку на аднаго з вучняў, які быў надта гультаяваты:

– Вставай, Бирало,
Утро настало.
– Ой, болит ножка!
– Вставай, Николай! Завтрак съедай!
– А где моя большая ложка?

Мне было радасна, што гэты вершык цытавалі настаўнікі ў школе-інтэрнаце. Цяпер там педкаледж, але я стараюся штогод бываць там. Я дыхаю там нейкім спакоем, векавой мудрасцю, якая, здаецца, сыходзіць са старасвецкіх муроў горада. Ніхто ў Нясвіжы не напісаў столькі вершаў, тэматычна звязаных з гэтымі мясцінамі, колькі напісаў я, жывучы ў Ільі на Вілейшчыне. На мой верш «Жыві, Нясвіж!» кампазітар Вячаслаў Шарапаў напісаў музыку, атрымалася песня. Яна была запісана на дыск калектывам «Імпэт» пад кіраўніцтвам Галіны Кутас і адпраўлена на конкурс па стварэнню гімна гэтага горада. У мяне з Галінай не толькі сямейны саюз, але і творчы. На многія мае вершы яна прыдумала цудоўныя мелодыі. Асабліва мне падабаецца «Рыбка з морам заручаная» ў выкананні саліста «Імпэта» Давіда Дуровіча. Уключаю дыск, слухаю і, здаецца, плыву ў нейкім акіяне пачуццяў.

Пра радаводныя сцежкі, пра тое, што з напісанага падабаецца самому аўтару і, канечне, пра месца паэзіі ў яго жыцці раскажам у наступным нумары газеты і пазней — на нашым сайце.

Падрыхтавала Таццяна ШАРШНЁВА. Фота з асабістага архіву Міколы Кутаса

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 187 queries