Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

І тчэ, забыўшыся, рука… Знаёмім са Святланай Журыха — ткачыхай з Вілейкі

Даўней амаль у кожнай вёсцы была майстрыха, з-пад рук якой выходзілі найпрыгажэйшыя рушнікі, паясы ці абрусы – ткачыха.

Рамяство гэтае было цяжкае, чаго варта толькі заправіць ніткі ў кросны, а гэта самы пачатак. Кожная жанчына лічыла сваім абавязкам перадаць гэтае майстэрства дачцэ ці ўнучцы, каб тая таксама некалі перадала яго далей. Аднак, з цягам часу адзенне, абрусы і посцілкі стала лягчэй купіць, чым саткаць, а паясы перасталі быць элементам паўсядзённасці. Ткацтва рызыкавала назаўжды знікнуць, калі б не такія людзі, як наша гераіня.


Святлана працаваць з ніткамі навучылася яшчэ ў дзяцінстве, дзякуючы бабулі, якая таксама была ткачыхай. Майстэрства прыйшлося ёй да душы: вечаровым заняткам стала вязанне разнастайных шапачак і шалікаў. Пазней, калі ў гераіні з’явіліся дзеці, адзенне для іх цалкам вязала сама. Доўгі час вязанне так і заставалася хобі, пакуль аднойчы Святлане не прапанавалі паспрабаваць сябе на пасадзе ткачыхі у Доме рамёстваў. У змене сферы дзейнасці (раней Святлана працавала ў каледжы) ёй вельмі моцна дапамагла сям’я: дзеці і муж актыўна падтрымалі рашэнне прысвяціць сябе таму, што прыносіць асалоду.
Прыдумляць узоры і ткаць паясы Святлана навучылася на адмысловых курсах, а вось запраўляць ткацкі станок ёй дапамаглі відэа з інтэрнэту. Стварэнне самага простага паяска тады займала каля тыдня, цяпер жа  – усяго два дні. Віляйчанка адзначае, што чым цяжэйшы пояс, тым цікавей яго ткаць, максімум жа у сваіх паясах яна выкарыстоўвала спалучэнне пяці колераў. Развівацца ў сваёй справе – мэта нашай гераіні. У бліжэйшым часе яна хоча навучыцца рабіць саматканыя дыванкі і посцілкі.


Святлана прызнаецца, што на новыя ідэі яе натхняюць калегі ў інтэрнэце і старыя этнаграфічныя кнігі, а сілы на працу дае сям’я. Дарэчы, і муж, і тры сыны, і дачка гераіні таксама творчыя людзі: мужчыны займаюцца разьбой па дрэве і метале, а пяцікласніца Насця ахвотна вучыцца шыць.


За чатыры гады працы найбольш яскрава Святлане запомнілася свята-фестываль «Матчыны кросны», якое адбылося летась у Старых Дарогах і на якім яе нават узнагародзілі дыпломам за лепшы пояс у тэхніцы пераборнага ткацтва. Таксама да віляйчанкі ў госці прыязджалі розныя каналы і выданні, сярод якіх і «БелТА», і «Беларусь сегодня», і «ОНТ».
Святлана вельмі задаволеная тым, што калісьці не пабаялася прыняць нечаканую прапанову пра змену дзейнасці і паспрабаваць сябе ў ткацтве. Гераіня ганарыцца, што навучылася такому майстэрству і можа працягваць справу сваіх продкаў. Гэтая гісторыя – яскравы прыклад таго, як не трэба баяцца зменаў у сваім жыцці, асабліва калі сам лёс дае табе шанец.

Максім СВЯТОХА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 187 queries