Адна з галоўных сельскагаспадарчых кампаній – жніво – стартавала на Вілейшчыне святам «Зажынкі», якое прайшло ў перадавой гаспадарцы раёна ААТ «Нарачанскія зоры».

Правядзенню тут «Зажынак», здаецца, спрыяла сама прырода – над полем, дзе ладзілася свята, не ўпала ні кроплі дажджу, хоць зусім недалёка ад гэтых мясцін па дарозе дадому мы бачылі лужы. Нібыта пачула людзей Высокае Неба…

Удзельнікі ўрачыстасці традыцыйна сабраліся на полі. Кіраўніцтва раёна і гаспадарак Вілейшчыны, самадзейныя артысты ў нацыянальных касцюмах і, канешне ж, галоўныя героі дня – камбайнеры, апранутыя ў сучаснае спецадзенне, што і вылучала іх сярод іншых. У кагорце камбайнераў – і добра знаёмыя, і зусім новыя працаўнікі. Вось побач, плячо ў плячо, стаяць бацька і сын Гарэлікі. Шмат гадоў галоўным камбайнерам быў бацька Мікалай Аркадзьевіч, а сын Аляксандр быў у яго памочнікам. Некалькі сезонаў назад Гарэлікі памяняліся ролямі, і цяпер галоўным стаў сын. Аднак вынік працы сямейнага экіпажа ад гэтага не стаў іншым – як былі ў лідарах, так і застаюцца.

І вось яна, сама ўрачыстасць, якую пачалі так, як заўсёды рабілі нашы продкі – благачынны цэркваў Вілейскай акругі протаіерэй Вячаслаў Вабішчэвіч памаліўся, каб слова Божае дапамагло ў важнай працы, і пажадаў хлебаробам моцнага здароўя, дабрабыту ў сем’ях і міру.
Удзельнікаў жніва шчыра вітаў старшыня раённага выканаўчага камітэта Анатоль Завацкі. Ён адзначыў, што «Зажынкі» праходзяць на тэрыторыі перадавой гаспадаркі. Вось і сёлета тут вырашчаны багаты ўраджай (як адзначыў Анатоль Мікалаевіч, ён, мяркуючы па ўсім, стане адным з вышэйшых за апошнія шэсць гадоў), уся тэхніка належным чынам падрыхтавана да жніва, застаецца толькі прыступаць да працы.

Здавалася б, халодная сёлетняя вясна не абяцала нічога добрага, аграрыі хваляваліся за пасеянае, рабілі ўсё для таго, каб не страціць ураджай. І не страцілі, а дабіліся добрых вынікаў. Усё гэта, канстатаваў старшыня райвыканкама, дзякуючы разумнай стратэгіі Прэзідэнта нашай дзяржавы, кіраўніцтва ўсіх узроўняў і, канешне ж, дзякуючы ўсім тым, хто непасрэдна працуе ў аграрнай сферы раёна. Зараз галоўнае – своечасова і без страт убраць вырашчанае.

Уклад Вілейшчыны ў дзяржаўны каравай у гэтым годзе немалы – пасеяна 32610 гектараў культур, у тым ліку 20283 гектары – збожжавых і зернебабовых. Пра гэта гаварыў, віншуючы ўдзельнікаў жніва, першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Сяргей Зубель. 63 камбайнавыя экіпажы будуць працаваць на палях раёна, больш за 60 адзінак тэхнікі зоймуцца адвозкай збажыны.
Багаты ўраджай вырашчаны сёлета на палях «Нарачанскіх зораў», і гэта можна ўжо сцвярджаць сёння. Як падзяліўся кіраўнік гаспадаркі Генадзь Кучко, тут чакаецца вышэйшая за леташнюю ўраджайнасць – каля 50 цэнтнераў з гектара. Убіраць вырашчанае будзе шэсць камбайнавых экіпажаў. І пачатак гэтай працы пакладзены. «Мы будзем паціху ўцякаць, а вы нас даганяйце», – жартаўліва звярнуўся да калег Генадзь Мечыслававіч. А на справе так яно і ёсць.
Цёплыя словы віншаванняў і найлепшыя пажаданні выказала ўдзельнікам жніва старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Ірына Супрановіч.
Прыемная дэталь: кожны з выступаючых, звяртаючыся да камбайнераў і жадаючы ўсяго найлепшага, нагадваў пра важнасць захавання тэхнікі бяспекі на працы. Здароўе і жыццё чалавека – самае галоўнае, і гэта трэба памятаць заўсёды.
На ўрачыстасці было ўсё: і віншаванні, і добрыя песні, і караваі, і першы сноп, зжаты руплівымі жанчынамі… Мне ж асабліва запомніўся момант, калі тры ўдзельнікі свята – Анатоль Завацкі, Сяргей Зубель і Генадзь Кучко – па добрай традыцыі тройчы падкідвалі ўгору снапы з самымі важнымі пажаданнямі: каб жніво прайшло без страт, каб не падводзіла тэхніка і каб было моцным здароўе хлебаробаў. Гэта самае галоўнае. І няхай яно збудзецца!
І вось фінальная сцэна – камбайнеры займаюць свае рабочыя месцы, і магутныя машыны бяруць курс на поле. Нашы людзі, наша тэхніка, наш край, нашы дасягненні… І яшчэ доўга не выходзілі з галавы радкі песні, што падаравала прысутным на свяце юная спявачка:
Зроблена ў Беларусі
Сэрцам, рукамі, ведамі…
Так яно і ёсць.
Ірына БУДЗЬКО. Фота аўтара





















