Народная мудрасць сцвярджае: добра папрацуеш – смачна пад’ясі. Правільным будзе, калі гэтыя дзеянні памяняць месцамі, бо ўсе ведаюць, што перад важнай работай трэба добра падсілкавацца.
Як арганізавана работа па харчаванні працаўнікоў аграпрамысловага комплексу ў перыяд важных сельскагаспадарчых кампаній? Гэта на кантролі не толькі ў кіраўніцтва, але і ў галіновага прафсаюза. Вось і старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Ірына Супрановіч нярэдка выязджае ў гаспадаркі і маніторыць гэта пытанне.
– Напярэдадні жніўнай кампаніі асаблівую ўвагу ўдзялялі і ўдзяляем зараз сацыяльна-бытавым умовам аграрыяў, – расказала яна. – На нашым кантролі выкарыстанне працаўнікамі спецадзення, наяўнасць медыцынскай аптэчкі, допуск да працы. Канешне ж, у цэнтры ўвагі захаванне супрацьпажарных правілаў, у прыватнасці, наяўнасць вогнетушыцеля.
Асаблівая ўвага надаецца арганізацыі харчавання працаўнікоў. Усюды ў гаспадарках Вілейшчыны стараюцца карміць людзей якасна і смачна. Прафсаюзны лідар расказала пра арганізацыю харчавання ў тых, дзе яна нядаўна пабывала.
– У такіх гаспадарках, як адкрытыя акцыянерныя таварыствы «Новая Любанія», «Алая зара», «Чурлёны», «Новая Вілія», філіял «Бубны» працуюць сталовыя, у якіх прыгатаваннем абедаў займаюцца прафесіяналы сваёй справы, – расказала Ірына Супрановіч. – Ірына Нарэйка з «Новай Любаніі», Ларыса Гараніна з «Алай зары», Марына Піпін з «Новай Віліі», якая працуе ў Даўгінаве, Аксана Лісіца са «Сцешыцаў» – гэта прадстаўнікі важнай кагорты тых людзей, хто корміць хлебаробаў. І робяць гэта старанна, з душой.
Два дзясяткі гадоў рыхтуе абеды для аграрыяў «Новай Любаніі» Ірына Нарэйка. Да гэтага жанчына працавала поварам у сталовых, таму спецыяліст яна высакакласны. І гэта пацвярджаюць усе, хто спажывае стравы, прыгатаваныя ёю.

– Рыхтую як для сябе, сваіх родных і блізкіх, – зазначае Ірына Генадзьеўна. – Сама закупляю прадукты, сачу, каб яны былі якасныя, найлепш падыходзілі да тых ці іншых страў. Абеды гатую разнастайныя, улічваючы густы людзей. Так, з першых страў у нас асабліва любяць расольнікі, баршчы, а ў гарачыя дні – халаднікі. У рацыёне працаўнікоў – мяса, рыба, салаты. Чай, кісель, кампот – гэта таксама ў штодзённых меню.
А яшчэ – булачкі, мінеральная вада. Магу сказаць, якім абедам кармілі нашых працаўнікоў, напрыклад, сёння (10 ліпеня, – аўт.). У меню – расольнік, адваранае мяса з бульбяным пюрэ, салата са свежай гародніны, кісель, булачка. На заўтра ўжо запланавала суп з шампіньёнамі, а на другое – плоў або рыбу…
У гарачую жніўную пару, падзялілася повар, яна рыхтуе сорак, а то і болей абедаў. Вядома ж, ёсць у Ірыны Генадзьеўны і памочніца, але ўсё ж асноўная нагрузка, канешне ж, на повары. Спрактыкаваны спецыяліст, яна ўмее працаваць хутка, без траты часу на лішняе. Кожнае дзеянне, кожны рух жанчыны вывераныя шматгадовай працай. І вось ужо падымаецца пара над бакамі, шквірчаць патэльні, ад прыемных пахаў аж цякуць слінкі – кіпіць работа на кухні.
Гадзін у адзінаццаць абеды ўжо гатовы, і неўзабаве машына з раздатчыцай кіруецца па сваім звыклым маршруце – па палях і мехдварах. А ў повара знаходзіцца вольная хвілінка і на важныя паперныя справы, якіх у яе таксама хапае. У такі момант і зроблены гэты фотаздымак Ірыны Нарэйка. А яе калегу з Даўгінава Марыну Піпін сфатаграфавалі ў момант, калі яна адпраўляла машыну з абедамі для працаўнікоў на поле.

Ірына БУДЗЬКО. Фота прадастаўлена Ірынай СУПРАНОВІЧ








