Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Выпускнікі Мацькаўскай школы і іх класны кіраўнік сустрэліся праз 50 гадоў

Мы помнім цябе, наш год 75-ты,
Які ты быў для нас багаты,
Мы неяк раптам узмужнелі
І на крылах сваіх у жыццё паляцелі!

А пачаўся гэты жыццёвы «вырай» для нас, выпускнікоў далёкага 1975 года былой цяпер ужо Мацькаўскай сярэдняй школы, 50 год назад. Мы скончылі тады 10 класаў і мелі за плячыма 17 год ад роду, што з пункту гледжання бегу часу – імгненне. А сёння – мы ўжо ўсе дзядулі і бабулі.

Так склаліся абставіны, што з той далёкай пары мы ні разу не збіраліся. А сёлета наш класны кіраўнік 10 «А» класа кінуў кліч для збору «выраю» сваіх юбілейных «птушак». Да нас далучыліся аднакласнікі паралельнага 10 «Б».
І вось 6 ліпеня (амаль у купальскую ноч) мы гуртам у 25 чалавек сабраліся ў Вілейцы. Нас гасцінна прытуліла святочная зала кафэ «Гранд-Холл», за што кіраўніцтву вялікае чалавечае «дзякуй»!

Нашы жыццёвыя сцяжынкі толькі ў некаторых перасякаліся, а ў асноўным пралягалі паралельна. Таму самым запамінальным і цікавым быў момант пазнавання адзін аднаго: развітваліся ж на апошнім школьным балі, можна сказаць, піянерамі, а ўбачыліся разам пенсіянерамі. Пастарэлі, пасівелі, а душы, як аказалася, яшчэ маем маладыя, бо столькі эмацыянальнага запалу накапілася ў кожнага, што здавалася, кроў вось-вось закіпіць ад выхаду адрэналіну.

Незабыўнай атрымалася наша доўгачаканая сустрэча. Мы прыхарашылася знешне, вядома. Вочы свяціліся, як у юнацтве, усе адчувалі сябе маладымі, здаровымі, поўнымі сіл і энергіі.
Бясконцым патокам лілася гаворка, дзе ключавымі фразамі былі: «А помніш?», «А ведаеш?» Атрымалася разам нагаворанае школьнае сачыненне (якое цяпер ужо адышло ў нябыт) аб гарэзлівым дзяцінстве і летуценным юнацтве ў сценах школы. Нам вельмі шкада толькі, што наша родная школа закрылася год назад. І цяпер няма школьнага двара, дзе мы маглі б больш яскрава ўзнавіць свае ўспаміны.

Смех, гоман, успышкі мабільных тэлефонаў! Хочацца занатаваць кожнаму (цяпер гэта ўжо проста і даступна) момант незабыўнай сустрэчы. Як хораша і цёпла на душы ад гэтага спаткання з юнацтвам! Некаторыя з нас былі са сваімі палавінкамі, чаму можна па-добраму пазайздросціць!

А якім незабыўным было ачышчэнне душ – інтэрв’ю без вядучага. Нам хацелася пачуць аповед кожнага пра паўвека пасля школы. Радаваліся за тых, у каго склаўся лёс удала, спачувалі тым, хто сустрэў на жыццёвым шляху перашкоды (ды яшчэ і немалыя). Але ў кожнага, хто прыехаў на сустрэчу (маючы пад 70 год і праблемы са здароўем), у душы не патух агеньчык жадання жыць, любіць людзей, рабіць ім дабро, помнячы, што яно акупіцца ўдвайне.

 

Сярод нас аказалася многа аднакласнікаў, якія дасягнулі ў жыцці пэўных поспехаў у працы па выбранай прафесіі. Некаторыя працуюць і сёння. Асабліва тыя, хто займаецца прадпрымальніцкай дзейнасцю. Ёсць сярод нас урачы, настаўнікі, ваенныя, інжынеры, будаўнікі, хлебаробы, людзі з гандлёвай сферы дзейнасці.

А вясёлы запал і настрой дапамагала нам ствараць добрая музыка, што гучала ў гэты дзень. Конкурсы, розыгрышы, песні і танцы дапамаг­лі забыцца пра хваробы, жыццёвыя абставіны хаця б на гэты святочны дзень.

Асаблівую удзячнасць хочацца выказаць нашаму класнаму кіраўніку Алене Уладзіміраўне Туровіч, якая стала ініцыятарам і прыняла актыўны ўдзел у мерапрыемстве. Яна засталася такой жа маладой, вясёлай і прыгожай, якой мы яе памятаем са школы.
Не забыліся мы і пра сваіх былых настаўнікаў і аднакласнікаў, якіх ужо няма. Ушанавалі іх памяць хвілінай маўчання…
Самотным было раставанне. Абмяняліся датамі народзін, тэлефонамі і раз’ехаліся з пачуццём і надзеяй, што сустрэнемся праз пяць год!

50 год праляцела, і вось мы і сёння разам!
Выбраўшы сцены кафэ як адпачынку базу.
Забудзем на час усе няўзгоды, хваробы,
Нам хораша сёння і ўсё даспадобы.

Ад імя аднакласнікаў Наталля ДУБАНЕВІЧ і Ганна ЗАНКЕВІЧ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 188 queries