Пра ўсё гэта думалася, калі наша агітбрыгада, у складзе якой былі вядучы спецыяліст ідэалагічнага аддзела райвыканкама Марына Шуцько, вядомы вілейскі спявак Леанід Гайчук і аўтар гэтых радкоў, трымала курс на вёску, каб павіншаваць перадавікоў пасяўной. На гэты раз было запланавана наведацца ў «Новую Любанію» і «Першы Беларускі».
– Перадавікі? Ды ў нас іх многа, старанна працуюць людзі, – адзначыў намеснік старшыні ААТ «Новая Любанія» Ігар Калеснік. – Вось, напрыклад, уносім арганіку пад кукурузу. На пагрузцы працуе Іван Сухарэўскі. Мікалай Новаш, Дзмітрый Кіжло, Аляксандр Якубоўскі адвозяць і ўносяць арганіку, а Алег Акуньковіч і Уладзімір Апанасёнак – на сяўбе. На загрузцы зерня шчыруюць Юрый Круцько і Юрый Русак, а рыхтаваць глебу для сяўбы даверана вопытнаму працаўніку Міхаілу Сушко. Антонавіч – так паважліва называюць яго ў калектыве – ведае толк у земляробстве. Побач з ім і маладзейшы калега Мікалай Субач. Праводзім і другую падкормку зерневых, гэтай справай займаюцца Уладзімір Ахрэм і Сяргей Барташэвіч.
Характарызуючы сваіх падначаленых, Ігар Рыгоравіч пастараўся знайсці для кожнага цёплыя словы. Ды і хто, як не ён, ведае, якая гэта нялёгкая справа – земляробства. Практычна ад цямна і да цямна людзі ў полі, хіба што на хвілінку па нейкай справе зазірнуць на мехдвор. Вось і ў дзень нашага рэйду ўсе механізатары былі на аддаленым полі ля Куранца. Спрабавалі мы дабрацца да іх ды не рызыкнулі – вялікай была верагоднасць загразнуць у ніжэйшых месцах, бо зямля яшчэ не паспела ўвабраць у сябе вільгаць пасля дажджу. А вось з механізатарам Уладзімірам Апанасёнкам сустрэліся на мехдвары ў Любані, дзе і ўручылі яму падзячны ліст за подпісам старшыні райвыканкама.
– Прымай, Уладзімір Францавіч, чарговую падзяку, – пракаменціраваў Ігар Калеснік момант уручэння. І гэтым даў зразумець, што перад намі – сапраўды заслужаны працаўнік, шчырая праца якога адзначалася ўжо не раз.
Нейкай з паўгадзіны часу – і мы ўжо ў «Першым Беларускім». З ідэолагам гаспадаркі Марыяй Маскалевіч бяром курс на Цярэшкі, дзе зараз ідзе падрыхтоўка глебы да сяўбы, уносіцца арганіка.
– На ўнясенні мінеральных угнаенняў заняты Мікалай Курленка, – расказвае па дарозе Марыя Вікенцьеўна. – З пачатку пасяўной на яго рахунку 1162 гектары. На сёння (27 красавіка) пагрузіў 8270 тон арганікі Іван Русак. Дзмітрый Ліпніцкі, які заняты на падрыхтоўцы глебы, прадыскаваў яе больш за 330 гектараў. Болей за трыста гектараў ужо засеяў Барыс Яўгель. Гэта людзі, якія ў перадавіках з году ў год і, безумоўна, заслужваюць такога гонару, бо працуюць сумленна, самааддана.
«Беларус 3022», якім кіруе Дзмітрый Ліпніцкі, убачылі яшчэ здаля.
– Малады механізатар, старанны, – ахарактарызавала Марыя Маскалевіч Дзмітрыя. – І жонка яго, Марына, працуе ў гаспадарцы дыспетчарам. Добрая сям’я, атрымалі ад гаспадаркі кватэру. Падрастаюць у Ліпніцкіх і дзеткі, якія, хочацца верыць, стануць дастойнай зменай працавітых бацькоў.
На ўскрайку поля прыпыніў тэхніку Ліпніцкі, крыху сумеўшыся ад такой увагі да сябе, выйшаў з кабіны. Падзяка, шчырыя словы і добрая песня на развітанне – гэта кароценькая праграма не забрала ў яго шмат часу (хіба не разумеем, якая дарагая зараз кожная пагодлівая хвіліна!), а настрой чалавеку падняла. І ён узяўся за працу з новымі сіламі.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота аўтара
Задзел пад ураджай робіцца сёння
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов





