У роднай старонцы, на роднай зямлі. Так жыве і працуе перадавая аператар машыннага даення малочна-таварнай фермы «Ясьманаўцы» адкрытага акцыянернага таварыства «Новая Вілія» Марына Мандрык.
Не так даўно жанчына ўжо была гераіняй газетнай публікацыі – пра яе расказвалі напярэдадні правядзення ў раёне ўрачыстага ўшанавання перадавікоў народнай гаспадаркі па выніках працы за мінулы год. І вось з’явілася яшчэ адна нагода расказаць пра Марыну Аляксандраўну – нядаўна яна адзначана Ганаровай граматай Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, якую ва ўрачыстай абстаноўцы ёй уручыў старшыня Вілейскага раённага выканаўчага камітэта Анатоль Завацкі. Гэту высокую узнагароду жанчына заслужыла шматгадовай плённай працай, высокім прафесіяналізмам і значным асабістым укладам у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна.

Трыццаць тры гады працуе старанная жанчына на ясьманаўскай ферме. З дзяцінства ведае гэту працу, бо яшчэ школьнікамі яны з сёстрамі бегалі на ферму дапамагаць маме-даярцы. І так звыклася Марына з гэтай нялёгкай, але такой важнай і адказнай справай, што і не пажадала пасля заканчэння школы шукаць лёгкага хлеба недзе ўдалечыні ад малой радзімы. Яна жыве ў роднай вёсачцы Чэхі, працуе ў Ясьманаўцах і іншага лёсу не жадае. Старанна і якасна рабіць справу, якую ведаеш і любіш – вось прынцып, з якім Марына Аляксандраўна ідзе па жыцці. Гэтаму заўсёды вучыла і вучыць сваіх дзяцей, якія, як і матуля, любяць бацькаўшчыну і не цураюцца працы.
Ініцыятыўны, адказны, добрасумленны работнік – так адгукаюцца пра Марыну Мандрык у «Новай Віліі». Па выніках работы за мінулы год прызнана пераможцам раённага спаборніцтва сярод аператараў машыннага даення, якія атрымалі найвышэйшы надой малака ад каровы.
Жанчына абслугоўвае больш за шэсцьдзесят кароў дойнага статка, валавы надой ад якіх амаль на 114 працэнтаў вышэйшы за адпаведны перыяд 2023—2024 гадоў.
Ніколі не адмаўляецца ад тэрміновых заданняў, не лічыцца са сваім часам, дапамагае калегам, у чысціні і парадку ўтрымлівае сваё працоўнае месца – і гэта таксама пра Марыну Мандрык, сціплую жанчыну, прафесіянала сваёй справы і чалавека, які жыве і працуе на зямлі бацькоў.
Ірына БУДЗЬКО/Фота з сямейнага архіва








