Убраць своечасова і якасна. Такая задача стаіць перад аграрыямі, занятымі ўборкай траў першага ўкосу.
Працаўнікі аграпрамысловага комплексу зараз нарыхтоўваюць кармы. На Міншчыне зялёнае жніво ўжо на фінішнай прамой. У вобласці намечана нарыхтаваць больш за два мільёны тон зялёных кармоў.

Навярстаць упушчанае, бо з-за дажджоў гаспадаркі не маглі выконваць корманарыхтоўку ў поўную сілу – такая задача стаіць цяпер перад аграрыямі. І яны стараюцца.
Як адзначыў старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Сяргей Прымачэнка, трамбоўка траншэй ідзе бесперапынна, у некаторых гаспадарках працэс не спыняецца нават уначы. Для якаснай нарыхтоўкі кармоў у аптымальныя тэрміны у многіх раёнах стварылі міжгаспадарчыя тэхнічныя атрады. Касіць травы першага ўкосу ўжо завяршаюць, а, напрыклад, у Нясвіжскім, Слуцкім, Любанскім і Салігорскім раёнах прыступілі да ўборкі люцэрны.

Акрамя таго, на Міншчыне ўжо пачалася падрыхтоўка да жніва.
«Рамантуюцца збожжаўборачныя камбайны, «Мінаблаграсэрвіс» вырашае пытанні забеспячэння запчасткамі для рамонту і стварэння рэзерва, фарміруецца кадравы склад з улікам дадатковых рэсурсаў прадпрыемстваў і арганізацый, якія традыцыйна дапамагаюць ва ўборцы. Усе разумеюць, што жніво будзе складаным: азімы ячмень і рапс трэба будзе ўбіраць адначасова. Таму перад агранамічнымі службамі стаіць задача маніторынгу палёў і вызначэння чарговасці іх уборкі», – адзначыў Сяргей Прымачэнка.
Поўным ходам ідзе нарыхтоўка кармоў і на Вілейшчыне. Так, на 16 чэрвеня гаспадаркамі было ўбрана 9313 гектараў плошчаў, што складае 76 працэнтаў да плана. Нарыхтавана 32239 тон сенажа, 40 тон траў у палімернай плёнцы. На ўмоўную галаву жывёлы на гэту дату нарыхтавана 4,06 цэнтнераў кармавых адзінак. Усе гаспадаркі ўжо на фінішнай прамой, бо завяршыць касьбу траў першага ўкосу намечана да 20 чэрвеня.
Ірына БУДЗЬКО








