Нядаўна былі падведзены вынікі штогадовага Усерасійскага конкурсу юнацкай даследчай работы імя У. І. Вярнадскага, у якім ужо на працягу дванаццаці гадоў удзельнічаюць вучні вілейскай гімназіі №2 пад кіраўніцтвам настаўніка і пісьменніка Віктара Кажуры. І кожны год юныя даследчыкі вяртаюцца з конкурсу з дыпломамі пераможцаў і падзякамі.

Сёлета ўжо па традыцыі віляйчане ў чарговы раз годна заявілі пра сябе і наш край на Усерасійскім конкурсе – даследчая работа вучаніцы гімназіі №2 Ангеліны Прохаравай, якую яна пісала пад кіраўніцтвам Віктара Кажуры, паспяхова прайшоўшы першы тур (дарэчы, на ўдзел у конкурсе была пададзена 1721 заяўка), выйшла ў другі. А гэта значыць, аўтару прадстаяла выступіць з работай перад кампетэнтным журы, адказаць на пытанні. Сёлета абарона праходзіла ў анлайн-рэжыме, што, дарэчы, ніколькі не зменшыла ўражанні канкурсантаў ад самой дзеі.
«Ад забавы – да выхавання патрыёта і грамадзяніна: творы беларускага пісьменніка Віктара Кажуры для дзяцей дашкольнага ўзросту як сродак навучання і выхавання патрыятызму і грамадзянскасці» – так называлася работа Ангеліны Прохаравай. Дапаможнікамі ў напісанні сталі кніжкі для дзяцей Віктара Кажуры, не проста кіраўніка, але і дзядулі канкурсанткі, «Люлі-люлі, баю-бай», «На хвілінку прыпыніся ды паслухай, падзівіся», «Стракатыя вершы», «Дзівы розныя на свеце», «Азбука ў вершах і малюнках», «Слоўца да слоўца», «Маленькая азбука вялікай краіны». Дарэчы, менавіта ўнукі натхнілі пісьменніка ў свой час звярнуцца да дзіцячай тэмы ў творчасці. І натхненне гэта не прапала, а разгараецца, «расце» разам з унукамі.
Кампетэнтнае журы конкурсу высока ацаніла работу Ангеліны Прохаравай, адзначыўшы яе дыпломам першай ступені ў секцыі «Рэгіянальнае краязнаўства», граматамі за перамогу ў намінацыі «За развіццё міжнацыянальнага дыялогу» і за ўклад у вывучэнне роднай мовы. Дзяўчына даказала, што дзіцячыя вершы, загадкі ды прымаўкі не толькі цікавяць, радуюць, даюць дзеткам веды, але і выхоўваюць іх, вучаць любіць сваю радзіму, прыроду, людзей. Падзяка ўручана і Віктару Кажуру за кіраўніцтва даследчай работай.
– Удзел у гэтым і іншых міжнародных конкурсах – справа важная, – зазначыў Віктар Віктаравіч. – З нашых работ сябры з іншых краін больш даведваюцца і пра Беларусь, і пра нашу Вілейшчыну. Так што нашаму міжнароднаму супрацоўніцтву ўжо нямала гадоў, і праца ў гэтым накірунку будзе працягвацца.
Работа пра ролю твораў пісьменнікаў, у прыватнасці, Віктара Кажуры, у выхаванні маленькіх беларусаў напісана. А ў планах Ангеліны Прохаравай прадоўжыць гэту тэму на прыкладах выхавання сярэдніх і старэйшых школьнікаў. Плёну і новых поспехаў!
Ірына БУДЗЬКО








