Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Яны вярнуліся пераможцамі. Пра што расказвае адно франтавое фота

Усё далей і далей адыходзяць дні Вялікай Айчыннай вайны. Усё менш і менш застаецца ўдзельнікаў і сведкаў тых жорсткіх і кровапралітных падзей. На франтах Вялікай Айчыннай вайны, у партызанскіх атрадах і брыгадах, падпольных арганізацыях змагаліся тысячы віляйчан. А колькі такіх, якія на акупаванай тэрыторыі дапамагалі палонным і раненым байцам Чырвонай Арміі, пяклі хлеб для партызан, забяспечвалі медыкаментамі, прадуктамі харчавання і адзеннем. І сёння няма такой сям’і, якую б не закранула гэтая праклятая вайна.

У 2003 годзе выйшла гісторыка-дакументальная хроніка «Памяць. Вілейскі раён». На старонках кнігі імёны не толькі загінуўшых і прапаўшых без вестак воінаў-землякоў, але і тых, хто вярнуўся з вайны дадому. На жаль, гэта далёка не поўны спіс, занадта позна стаў ён складацца. З-за напластаванняў часу і іншых абставін далёка не ўсе прозвішчы нашых землякоў-франтавікоў трапілі сюды. Па-за спісам засталіся і тыя ўдзельнікі вайны, якія не дачакаліся першай пасляваеннай узнагароды (1965 г.), і аб якіх мы ўвогуле амаль нічога не ведаем. Няхай за гэта выбачаюць нас ветэраны і іх родныя. Усім ім – хто не дажыў да нашых дзён і каго ўжо няма сярод нас, хто названы або не названы ў гэтым спісе – шчырая ўдзячнасць і нізкі паклон ад нашчадкаў. Пра кожнага з іх можна пісаць асобныя артыкулы, але зараз – пра некаторых з тых, хто дайшоў да Берліна і сустрэў Перамогу ўдалечыні ад свайго дома.

Гісторыя і трагедыя вайны, гераізм і подзвіг у дакументах і фотаздымках, узнагародах і асабістых рэчах, паштоўках і франтавых пісьмах – сёння гэта неацэнная каштоўнасць часовай экспазіцыі і фондаў Вілейскага краязнаўчага музея. Аднымі з першых экспанатаў, якімі музей папаўняецца з кожным днём, былі дакументы і фотаздымкі, перададзеныя з Ільі, – ваенны білет, даведка аб раненні на імя Ігнаценкі Дзмітрыя Іванавіча і фотаздымкі ваенных часоў: Берлін, май, 1945 год, салдаты ля Брандэнбургскіх варот і купала Рэйхстага, і сярод іх – наш герой.

Цяжкімі шляхамі Вялікай Айчыннай вайны ў складзе Чырвонай Арміі прайшоў Ігнаценка Дзмітрый Іванавіч. Нарадзіўся ён у 1900 годзе ў вёсцы Лужок Кармянскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1912 годзе закончыў 4 класы сельскай школы. Працаваў на сваёй гаспадарцы. У верасні 1918 года Рагачоўскім УВК Гомельскай вобласці быў прызваны ў рады Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі. Ішла грамадзянская вайна, яе Дзмітрый Іванавіч адчуў яшчэ ў ранняй маладосці. Вярнуўся дамоў, працаваў у калгасе, заўсёды любіў сваю Радзіму, зямлю і працу на ёй. І калі прыйшоў грозны час, стаў на яе абарону.

Восенню 1943 года пачалося вызваленне Беларусі ад нацысцкіх захопнікаў. 25 лістапада 1943 года быў вызвалены яго родны Кармянскі раён і ўжо 10 снежня 1943 года Дзмітрый Ігнаценка быў мабілізаваны на фронт. Трапіў салдат спачатку ў 18-ты запасны стралковы полк, а затым у якасці ручнога кулямётчыка 1208-га стралковага палка, з кровапралітнымі баямі прайшоў амаль усю Еўропу, дайшоў да Берліна. Заўсёды з болем успамінаў пра жорсткія баі, якія вяліся на подступах да сталіцы Германіі і ў самім горадзе. І вось ён, фініш – Рэйхстаг. Вайна скончылася. Перамога. На сценах Рэйхстага салдаты вуглем пісалі, што думалі і адчувалі на той момант, свае імёны і адкуль прыйшлі да Берліна. Многія фатаграфаваліся на памяць.

Франтавыя фотаздымкі – дакументальныя сведкі вайны, сведкі далёкіх ваенных гадоў. Яны дапамагаюць нам зразумець і ўсвядоміць, што адбывалася ў тыя суровыя гады. Колькі іх захоўваецца ў сямейных альбомах! З гэтых фотаздымкаў на нас глядзяць маладыя і прыгожыя салдаты, у ваенных гімнасцёрках і пілотках, з баявымі ўзнагародамі – гэта яны прынеслі нам Перамогу і вярнуліся дамоў пераможцамі.

Пра асабістае

Мой бацька, Малькевіч Аляксандр Ільіч, і яго старэйшы брат Лаўрэнцій разам з іншымі жыхарамі вёскі Кішкарэпы (в. Кішкарэпы – у 1966 годзе была перайменавана ў в. Малькевічы ў гонар загінуўшага партызана Леаніда Малькевіча, дваюраднага брата майго бацькі) у маі 1943 года былі вывезены на прымусовыя работы ў Германію. Вызвалены Чырвонай Арміяй у сакавіку 1945 года – і адразу на фронт. З баямі дайшлі да Берліна. Ужо праз месяц Малькевіч Лаўрэнцій атрымаў сваю першую баявую ўзнагароду.

Выпіска з узнагароднага ліста на імя Малькевіча Лаўрэнція Ільіча (так у дакуменце):

«В бою за населённый пункт Бланкенбург 21 апреля 1945 года рядовой Малькевич бесперебойно подносил боеприпасы, которые требовались ввиду интенсивности нашего боя на огонь противника. Боеприпасы необходимо было подносить с автомашины, которая стояла через 2 квартала, а промежутки между кварталами простреливались огнём противника. Несмотря на это станковый пулемёт недостатка в боеприпасах не имел.
Достоин награждения медалью «За боевые заслуги».

Толькі пасля вызвалення Вілейшчыны напачатку ліпеня 1944 года, калі ўжо большая частка тэрыторыі Беларусі была вызвалена ад нацысцкіх акупантаў, для многіх нашых землякоў пачалася мабілізацыя на фронт. І прыйшлося ім не родныя мясціны вызваляць ад ворага, а весці баі за вызваленне краін Усходняй Еўропы ад фашызму. Больш за адзін мільён чалавек страціў савецкі народ у гэтай барацьбе. Шмат было страт пры правядзенні аперацыі па ўзяцці Берліна – больш за 78 тысяч чалавек, асабліва байцоў 1-га Беларускага фронта, які пад кіраўніцтвам маршала Г. К. Жукава штурмаваў сталіцу фашысцкага рэйха.

У ліпені 1944 года Куранецкім РВК Вілейскай вобласці быў мабілізаваны на фронт Міна Васіль Міхайлавіч з в. Журыхі: яфрэйтар, наводчык 227-га асобнага знішчальнага супрацьтанкавага дывізіёна 186-й стралковай Брэсцкай Чырвонасцяжнай дывізіі 1-га Беларускага фронта з баямі дайшоў да Берліна. Гэта мой дзядзька. Не любіў гаварыць і расказваць пра вайну, але заўсёды ганарыўся сваімі баявымі ўзнагародамі – медалём «За адвагу» і ордэнам Чырвонай Зоркі. «… В бою за форсирование реки Одер товарищ Мина показал образцы стойкости и мужества. 22 апреля 1945 года в районе деревни Хосн-Цаден огнём своего орудия отбивал яростные контратаки противника, где уничтожил 1 автомашину, 2 пулемёта, 3 повозки с военным имуществом и до 15 гитлеровцев.
Достоин награждения орденом «Красная Звезда».

Сёння мы жывём пад мірным небам. Я не бачыла вайны, але ведаю, як цяжка прыходзілася ў той час маім бацькам, маім родным і ўсім людзям. Памяць людская не сцірае жудасныя і гераічныя падзеі, не сціхае боль ад страт, не затуманьваецца слава герояў. Эстафета гэтай памяці павінна перадавацца з пакалення ў пакаленне. Шануйце сваё жыццё і нясіце ў сваіх сэрцах гэтую памяць – памяць пра тых, хто падараваў нам мір і свабоду!

Вольга КОЛАСАВА, навуковы супрацоўнік ДУ «Вілейскі краязнаўчы музей»

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 190 queries