Вясёлае і сумнае, добрае і дрэннае, простае і складанае – усё і сапраўды пачынаецца з сям’і. Няма большага шчасця, чым ведаць, што ў тваім утульным сямейным гняздзечку пра цябе думаюць, цябе любяць і чакаюць, на цябе спадзяюцца. Менавіта сям’я дае кожнаму той жыццёвы стрыжань, ад якога і будзе залежыць, які ты чалавек.
У пачатковай школе №6 стала ўжо традыцыяй штогод праводзіць свята сям’і. Вось і на днях прайшло яно пад назвай «Калі дружна, калі разам…» Мерапрыемства ладзілася для паралелі другакласнікаў і іх бацькоў з актыўным іх удзелам. Да свята загадзя рыхтаваліся, развучвалі песні, казкі. А яшчэ кожная сям’я аформіла выставу сямейнай творчасці: адны прынеслі свае работы з лазы, іншыя – вязаныя рэчы, хтосьці – вырабы з бісеру, смачную выпечку. Быў нават прыгожы букет ружаў, зроблены з… кляновых лістоў. Усе, хто бачыў выставу, яшчэ раз пераканаліся ў тым, што Вілейшчына надзвычайна багатая на таленты. І як важна, што рэалізуюцца яны ў цесным сямейным коле, дзе дзеткі старанна паўтараюць тое, што робяць іх мамы і таты.
З самай раніцы ў гэты дзень у другакласнікаў былі незвычайныя ўрокі: у 2 «А» – «Поле цудаў» (яго правяла настаўніца Святлана Блажко), а ў 2 «Б» – «Шчаслівы выпадак» (гульню падрыхтавала з дзецьмі настаўніца Тамара Матыяшкойць). Трэба адзначыць, што вельмі актыўны ўдзел у гульнях прынялі і бацькі другакласнікаў. Усе разам яны шукалі адказы на пытанні, выконвалі розныя заданні.
Пасля заняткаў у класах і агляду выставы ў актавай зале адбылося свята калыханкі, якое паказалі вучні 2 «А» класа. Разам з мастацкім кіраўніком Ірынай Субач і настаўніцай Ірынай Руткоўскай хлопчыкі і дзяўчынкі падарылі прысутным настальгічна-светлае свята. Бо калыханка – гэта мама, якая спявала самую першую песеньку ў жыцці маленькага чалавечка. І калыханка – яшчэ і цесная повязь былога з сённяшнім, часцінка нашай радзімы. Ах, як напеўна спявала калыханачку настаўніца і як старанна «закалыхвалі» лялечку дзяўчынкі і хлопчыкі ( у іх, дарэчы, атрымлівалася не горш, чым у будучых мам).
«Неразлучные друзья есть на белом свете, неразлучные друзья – взрослые и дети». Яркім пацвярджэннем гэтых вядомых радкоў стаў сумесны канцэрт другакласнікаў і іх бацькоў. Зачаравалі залу напеўныя «Цячэ вада ў ярок», «Мяцеліца», «Ішоў казак на пабыўку», выкананыя вакальнай групай мам другакласнікаў.
А з якой цікавасцю глядзелі і дарослыя, і дзеці інсцэніраваную казку «Зайка», якую паказалі вучні 2 «Б» класа! Разам з маленькім зайчыкам, гледачы і перажывалі (як жа – ён згубіў сваю маму!), і чакалі, пакуль ён яе шукаў, і вельмі радаваліся, калі знайшоў. А завяршылася свята песняй «Дарослыя і дзеці», якую выканалі другакласнікі пад кіраўніцтвам Таццяны Адаменка.
Усё пачынаецца з сям’і. Гэтымі словамі пачала праграму яе вядучая, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Таццяна Чаховіч. Гэтымі словамі можна і закончыць, бо і сапраўды – усё пачынаецца з сям’і.
Ірына БУДЗЬКО
На здымках: такім было свята ў пачатковай школе №6







